МІНСК, 2 мая — Sputnik. "Твой старт" — гэта серыя навучальных вебінараў і кансультацый у напісанні бізнес-планаў для сацыяльнага бізнесу, арганізаваная мясцовым грамадскім аб'яднаннем "Сонечны круг".
У межах сустрэчы дзесяць каманд прадставілі ідэі для стварэння свайго сацыяльнага прадпрымальніцтва перад экспертамі з розных абласцей: дзяржаўных і не дзяржаўных структур, прадстаўнікоў бізнесу. А самімі ўдзельнікамі былі людзі розных узростаў, з рознай занятасцю, з наяўнасцю інваліднасці, з розным вопытам, але аб'ядноўвала іх адно — імкненне палепшыць жыццё з дапамогай сацыяльнага прадпрымальніцтва.
У адрозненні ад традыцыйнага бізнэсу сацыяльнае прадпрымальніцтва рэінвесціруе атрыманы прыбытак (значную частку прыбытку) зноў у бізнес або мясцовую супольнасць. У выніку паспяховай работы сацыяльнага бізнесу станоўчы эфект распаўсюджваецца і на грамадства.
Яшчэ важным фактам з'яўляецца магчымасць самазанятасці людзей з інваліднасцю, якія маюць вялікія цяжкасці пры выбары ўстановы адукацыі і працаўладкаванні. Маладыя крэатыўныя ўдзельнікі прапануюць менавіта тое, што, на іх думку, трэба сучаснаму грамадству, тое, у чым яны бачаць будучыню.
Ідэі, прэзентаваныя на семінары, былі накіраваны на стварэнне майстэрні для рамонту старой тэхнікі і кампутараў, у якой змогуць працаваць людзі з інваліднасцю; велапарковак з цікавым дызайнам; ачыстцы басейнаў натуральнымі рэагентамі і травой; уладкаванне розных пляцовак, лагераў для творчасці і адпачынку, майстэрняў па вытворчасці сувеніраў; салона прыгажосці для пажылых людзей; аграсядзібаў выхаднога дня і шмат іншага.
Тры хвіліны мелі ўдзельнікі на тое, каб прэзентаваць сваю ідэю. Пасля гэтага спецыялісты ў галіне маркетынгу, права, інвестыцыйнага, фінансавага аналізу паказвалі на недахопы, давалі парады, дапамаглі па максімуму раскрыць ідэю аўтара.
Праект "Твой старт" быў запушчаны ў сакавіку 2016 года і падтрыманы Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі курса прайшлі адбор і ўжо праслухалі серыю адукацыйных вебінараў, прысвечаных сацыяльнаму прадпрымальніцтву.