Шляхецкую сядзібу ў Пружанскім раёне прадалі за 213 млн рублёў

Падпісацца
Прадаць сядзібу, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, атрымалася з чацвёртага разу, новы ўласнік абяцае яе адрэстаўраваць.

МІНСК, 3 мая — Sputnik. Напалову разбураную шляхецкую сядзібу Дзяконскіх ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці прадалі з аўкцыёну за 213,3 мільёна рублёў, паведамілі Sputnik ў фондзе "Брэстаблмаёмасць".

Шляхецкая сядзіба Дзяконскіх размешчана ў вёсцы Каштанаўка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Будынак датуецца XIX стагоддзем і ўваходзіць у сядзібна-паркавы комплекс. Акрамя сядзібнага дома, у складзе лота — будынкі бровара і іншыя гаспадарчыя пабудовы, а таксама надзел зямлі плошчай 0,7 гектара. Пачатковы кошт аб'екта быў прызначаны ў памеры 1 мільярд 66 мільёнаў рублёў.

"Шляхецкая сядзіба Дзяконскіх была прададзеная з паніжэннем пачатковага кошту на 80%,за 213,3 мільёны рублёў. Прадаць яе атрымалася з чацвёртага разу", — паведамілі ў фондзе "Брэстаблмаёмасць". Там адзначылі, што новы ўладальнік сядзібы — юрыдычная асоба. Чакаецца, пасля таго як ён зарэгіструе за сабой права ўласнасці і падпіша ахоўнае абавязацельства ў дачыненні да аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны, новы ўласнік распачне рэстаўрацыю сядзібы. Згодна з умовамі дамовы ўласнік абавязаны выканаць яе за кошт уласных сродкаў.

Паводле дадзеных фонду, з пачатку 2016 года ў Брэсцкай вобласці прададзена 42 аб'екты нерухомасці, у тым ліку 40 — камунальнай і два — рэспубліканскай уласнасці, на агульную суму 14 мільярдаў рублёў.

Між тым, па дадзеных Віцебскага тэрытарыяльнага фонду маёмасці, на 18 мая прызначаныя таргі па сядзібе Рудніцкіх, помніку сядзібна-паркавай архітэктуры пачатку XIX стагоддзя. У комплекс уваходзяць каменны двухпавярховы сядзібны дом стылю класіцызм, гаспадарчыя пабудовы і часткова захаваўся пейзажны парк.

Стужка навiн
0