МІНСК, 4 мая — Sputnik. Міністэрства абароны Беларусі паабяцала арнітолагам, што планаваць вучэнні на ваенных палігонах у межах заказнікаў будзе з улікам гнездавога сезону птушак, паведамілі Sputnik ў сераду ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
Раней АПБ звярнулася да ваенных з просьбай ўлічваць сезон гнездавання птушак (1 сакавіка — 31 жніўня) пры планаванні вучэнняў на ахоўных прыродных тэрыторыях.
"Мінабароны не пакінула па-за ўвагай зварот АПБ. Днямі мы атрымалі адказ за подпісам выконваючага абавязкі начальніка Генеральнага штаба ВС — першага намесніка міністра абароны Беларусі генерал-маёра Сяргея Купрыка, што ведамства пастараецца ўлічыць "прыродныя" інтарэсы пры планаванні вучэнняў", — сказалі ў АПБ.
Са слоў арнітолагаў, ваенныя палігоны Беларусі і месцы для вучэнняў часта знаходзяцца ў аддаленых рэгіёнах краіны, дзе амаль няма людзей і такія тэрыторыі сталі домам для тысяч птушак, у тым ліку рэдкіх.
Гаворка ідзе ў першую чаргу пра рэспубліканскія ландшафтныя заказнікі "Альманскія балоты" (Брэсцкая вобласць, Столінскі раён), у межах якога знаходзіцца авіяцыйны палігон, і "Выганашчанскае" (Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі, Ганцавіцкі і Ляхавіцкі раёны), дзе размешчаны вучэбны палігон Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, распавяла ў АПБ.
Там таксама адзначылі, што вялікі арлец і барадатая няясыць, якія селяцца паблізу палігонаў, пакутуюць ад шуму падчас вучэнняў.
"Стрэлы, іншы шум, прысутнасць чалавека і тэхнікі ў перыяд гнездавання ставіць пад пагрозу магчымасць размнажэння многіх відаў", — сказалі арнітолагі.
Яны таксама паведамілі, што Мінабароны паабяцала ў далейшым, пры планаванні вучэнняў, абавязкова ўлічваць пазіцыю арнітолагаў у дачыненні да дзеянняў на палігоне ў межах "Выганашчанскага" дзеля захавання біялагічнай разнастайнасці фауны.