Вера Дашкевіч, Sputnik
Іраіда Іванаўна Іванаўская прызналася, што па магчымасці стараецца пазбягаць перадсвяточных сустрэч — асабліва тых, на якіх трэба распавядаць пра свій вайсковы досвед. Чаму — стала зразумела з гутаркі. Яшчэ хвіліну назад неверагодна абаяльная і ўсмешлівая, 89-гадовая дама ў нейкі момант заціхла, сціснулася і расплакалася. Гаворка ішла пра яе працу ў прыфрантавым шпіталі.
"Я ж у хірургічным аддзяленні апынулася. Навучылі, патлумачылі, як ўколы рабіць, як рукі-ногі адрэзаць. Так-так, рэзаць даводзілася, яшчэ і як. А косткі ж з першага разу не рэжуцца. Ці прывязуць машыну, а яны там адзін на адным, і мы сартуем, каго куды… Усходняя Прусія — гэта была такая мясарубка", — толькі і змагла сказаць Іраіда Іванаўна, а потым прыкрыла рукамі вочы і змоўкла.
На фронце Іванаўская адбыла крыху менш года — з лета 1944-га і да Перамогі.
Тыф, ўцёкі і 15 бізуноў
Калі пачалася вайна, ёй было 14 гадоў. Яны з мамай, двума братамі і малодшай сястрычкай жылі ў невялікай вёсачцы пад Віцебскам. Браты адразу сышлі, як потым высветлілася — у партызаны.
Немцы спачатку не лютавалі. Толькі калі ў суседніх лясах актывізаваліся партызаны, у вёсцы сталі з'яўляцца карныя атрады. Усіх, хто мог працаваць, зганялі ў лагеры. Каля года Іраіда Іванаўна валіла лес і капала траншэі для нямецкай абароны.
"Дзень пачынаўся з крыку "aufstehen, verdammt Schwein"; гэта значыць "падымайцеся, праклятыя свінні". Мы павінны былі хуценька выскокваць і станавіцца ў шэраг, а хто не выскачыў, адразу тух-тух-тух і выносілі", — падзялілася ўспамінамі ветэран.
Запомніла канваіра-чэха, які даваў ім магчымасць перадыхнуць: знакам паказваў, што начальства адышло. Гэты ж чэх падказаў "крычы", калі Іванаўскую білі за няўдалыя ўцёкі. Дакладней ўцячы-то яны з таварышамі ўцяклі, але праз два дні дарогі выйшлі да дакладна такога ж лагеру, дзе іх перанялі і адправілі назад.
"Мы ішлі больш за двое сутак, а назад нас прывезлі за паўгадзіны. Але білі… І зноў мне гэты чэх падказаў: ты крычы! Хоць і да гэтага чуткі былі, што гэтыя каты не вытрымліваюць крыкаў. Так што мне пашанцавала — далі толькі 15 плеток", — распавяла суразмоўца Sputnik.
Яна мяркуе, што вытрымаць усе выпрабаванні — і бізуны, і непасільную працу, і голад, і тыф, які касіў лагерных направа і налева яна змагла дзякуючы свайму вясковаму дзяцінства. Усё ж такі хутарскія дзеці, якія выраслі на свежым паветры і малацэ, былі мацнейшымі за гарадскіх.
Як сышлі немцы, яны нават не заўважылі. Проста прачнуліся раніцай, а іх ужо няма.
"Толькі пачало днець, цішыня, раптам такі крык: "немцаў няма!" Яны зніклі, як карова языком злізала. Я так і не зразумела, калі яны ўцяклі — ці то ўначы, ці то з вечара. Мы ж былі зачыненыя на завалы. але нехта выбраўся і пачаў астатніх вызваляць. Мы выскокваем, а немцаў няма, усе крычаць "хутчэй на кухню", яны ж нават прадукты пакінулі. І вось ўяўляеце: ідуць танкі, пяхота ідзе, а мы шукаем дзе-б што з'есці. Як цяпер памятаю, мне булка хлеба дасталася", — падзялілася ўспамінамі Іванаўская.
Мужчыны, хто быў дужэйшы, сышлі з фронтам. Але большасць разышліся па хатах, шукаць родных.
Шпіталь і балючы Дзень Перамогі
Маці і сястру Іванаўская тады не знайшла — іх сагналі ў Германію. Яе прынялі на працу ў эвакашпіталь, які ў тыя дні быў у Віцебску і ўжо згортваўся, каб рухацца далей за фронтам.
"Прыехалі ў Панявежыс, разгарнулі шпіталь, прымалі параненых і самі ездзілі: бой мінуў — мы на машыну і збіралі з поля бою. Прывозім, і тут сартаванне, у каго якое раненне: калі больш-меньш, то тыдзень-два лечым, і зноў на фронт. А калі адразалі руку ці нагу, то адпраўлялі на вялікую зямлю. І вось так мы дайшлі да Кёнігсберга. Тут ужо народ працаваў суткамі" — згадвала Іванаўская.
Тут жа яна сустрэла і Перамогу. Гэта быў радасны дзень, але… Іраіда Іванаўна зноў расплакалася.
"Мы былі ў невялікім горадзе Хайнрыхсвальдзе (цяпер Слаўску-Sputnik). Калі абвесцілі пра Перамогу, увесь персанал высыпаў на плошчу, мы крычалі, абдымаліся і плакалі. Хто з хворых мог выпаўзці, таксама далучыўся да гэтай радасці. Не ведаю, колькі часу мінула, мо гадзіна, мо паўтары… Увогуле, калі вярнуліся, пабеглі ў свае палаты, высветлілася, што і там салдацік памёр, і там памёр, і там…" — распавяла ўдзельніца вайны.
Яна прызналася, што ёй да гэтага часу нясцерпна крыўдна: ну як жа так, вайна ж скончылася, чаму яны памерлі?!
Страчаныя медалі
У яе было некалькі ўзнагарод, у тым ліку і медаль "За ўзяцце Кёнігсберга". Але суразмоўца Sputnik прызналася, што ў пасляваенныя гады трохі саромелася свайго франтавога мінулага: трэба было выходзіць замуж, а мужчыны часам ставіліся да жанчын, якія пабылі на вайне, не вельмі паважліва.
Увогуле, яе медалі, а таксама ўзнагароды мужа доўгі час служылі цацкамі для маленькіх сыноў.
"Цацак жа для дзяцей не мелі. А ў яго было шмат узнагарод. І вось дзіця сядзіць на падсцілачкі на падлозе, і тут з суседзяў хто-небудзь крыкне "мыла даюць". А ў мяне напагатове вяровачка была — у бараку ж і печка побач — дык гэтага дзіцяці за ножку прывяжаш да стала, скрынку з медалямі высыплешь. Пакуль ён там цярэбіць, разглядае, бяжыш", — прыгадала Іраіда Іванаўна.
Баявыя ўзнагароды не захаваліся. Затое захавалася памяць, якая па-ранейшаму раніць. Але яна цярпліва гатовая распавядаць пра свой вопыт зноў і зноў, таму што лічыць гэта патрэбным і важным.
У Калодзішчанскім Савеце ветэранаў, пры якім замацавана Іванаўская, з 400 ветэранаў, што заснавалі гэтую арганізацыю чвэрць стагоддзя таму, засталіся менш за тры дзесяткі чалавек.