МІНСК, 5 мая — Sputnik. Грамадзянам уезд у зону адсялення на тэрыторыі Гомельскай вобласці для наведвання могілак на Радаўніцу будзе дазволены без пропускаў, але толькі да 17:00, паведамілі Sputnik ў чацвер ва УУС Гомельскага аблвыканкама.
Беларусы наведваюць месца пахавання сваякоў не толькі на Радаўніцу, якая ў гэтым годзе прыпадае на 10 мая, але і ў дні напярэдадні свята.
"Як і раней, на Радаўніцу ўезд на могілкі, якія знаходзяцца на адселенай тэрыторыі, дазволены без пропускаў з абавязковай рэгістрацыяй на кантрольна-прапускных пунктах", — сказалі ва УУС.
Там таксама паведамілі, што такі парадак будзе дзейнічаць з 7 па 10 мая. Пры гэтым знаходзіцца ў зонах адчужэння і адсялення ў гэтыя дні можна будзе толькі да 17:00.
У міліцыі нагадалі, што ў "зоне" грамадзянам варта выконваць правілы радыяцыйнай бяспекі: прыбіраючы магілы, выкарыстоўваць найпростыя сродкі абароны — марлевыя павязкі, пальчаткі, а пасля заканчэння работ ачысціць верхнюю вопратку ад пылу, адкрытыя ўчасткі цела вымыць вадой.
Акрамя таго, на тэрыторыі радыёактыўнага забруджвання забаронена збочваць з дарог і разводзіць вогнішчы, у тым ліку спальваць пакінуты пасля прыбірання магіл смецце.
Ва УУС заклікалі грамадзян пры наведванні могілак у "зоне" ўважліва сачыць, каб дзеці не ўвалілмся ў закінутыя студні. Акрамя таго, у міліцыі нагадалі, што нават непрацяглае знаходжанне дзяцей на забруджанай тэрыторыі небяспечна для іх здароўя.