Барыс Аракчэеў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францішка Скарыны належыць да кагорты людзей-жыццялюбаў, якім нягоды не засцяць свет і не пазбаўляюць жыцця фарбаў. Sputnik пагутарыў з дачкой Барыса Аракчэева, мастачкай Аксанай Аракчэевай, клапатлівай захавальніцай і папулярызатарам мастацкай спадчыны бацькі.
Прыклад жыцця і творчасці мастака Барыса Аракчэева — якраз пацверджанне таго, што перажытае дорыць абвостранае адчуванне свету, пачуццё яго мелодыкі і фарбаў: загартаваны полымем вайны, фарбы жыцця стаў бачыць і ўспрымаць яшчэ больш яскрава. І цаніць кожнае імгненне.
Нарадзіўся ён 19 красавіка 1926 года ў вёсцы Турбанава Яраслаўскай вобласці. Беларусь усё жыццё лічыў сваім другім родным домам, бо падчас вайны служыў спачатку ў Бабруйску, затым у Мінску, дзе і застаўся жыць.
Тут вучыўся на мастака, пасля вучыў жывапісу не адно пакаленне таленавітых беларускіх мастакоў.
У Беларусі сустрэў сваё каханне, сваю Музу, трапяткія пачуцці да якой пранёс праз усё жыццё. Тут нарадзіліся яго дочкі — Алёна, Марына і Аксана, таксама мастачкі. Тут сёння жыве і працягвае тварыць творчая дынастыя сям'і Аракчэевых: унук Міхась з жонкай ды іх дачка Сонечка — таксама мастакі. Яшчэ адзін унук, Ягор — музыка.
Тры гады Барыс Аракчэеў пайшоў з жыцця зямнога. Але ён прысутны ў нашым жыцці сваімі цудоўнымі працамі і пазітыўнай сонечнай энэргетыкай, якую вылучаюць.
Сёлета святкуюць 90-годдзе з дня нараджэння Майстра. Цягам года будуць ладзіцца выставы, мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці мастака.
Sputnik стварыў фотастужку, сваеасаблівую карцінную міні-галерэю,якую і запрашае наведаць.