Шэсць новых спецыяльнасцяў з'явяцца ў беларускіх ВНУ

© Sputnik / Любоў КаспяровічБеларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (БДПУ)
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (БДПУ) - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У мінадукацыі не бачаць праблемы ў нізкіх прахадных балах на шэраг сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў у ВНУ.

МІНСК, 11 мая — Sputnik. Шэсць новых спецыяльнасцяў з'явяцца ў беларускіх ВНУ ў бягучым годзе, расказаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску ў сераду першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

"Было праведзена штогадовае абнаўленне спецыяльнасцяў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У шэрагу ўстаноў з'явіліся новыя прафесіі, якія ўлічваюць актуальныя патрэбнасці рэгіянальнага развіцця. Шэсць новых спецыяльнасцяў з'яўляюцца ў вышэйшай школе", — распавёў Богуш.

У прыватнасці, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка пачнуць рыхтаваць абітурыентаў па спецыяльнасцях "гісторыя і сусветная мастацкая культура", "гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа", "музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура", "сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога".

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прапануе новую спецыяльнасць "вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій", а Акадэмія МУС — "судовыя крыміналістычны экспертызы".

Апроч таго, упершыню адкрыты набор па кірунку "шахматы", па спецыяльнасці "спартыўна-педагагічная дзейнасць (па напрамках)" у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Пры гэтым першы намеснік міністра нагадаў, што неабходны мінімум балаў, атрыманых на ЦТ, захоўваецца. Абітурыент павінен мець не менш за 15 балаў па профільных матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі і не менш за 20 балаў па профільных гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежных мовах, а таксама рускай ці беларускай мовах.

Богуш не пагадзіўся з крытыкай інстытута дадатковага набору, які абвяшчаюць ў выпадку, калі на бюджэтныя месцы не знаходзіцца дастатковай колькасці прэтэндэнтаў.

Адзін з журналістаў нагадаў, што ў мінулым годзе на шэраг сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў прэтэндавалі абітурыенты з вынікам ЦТ у 7-10 балаў.

"Дадатковы набор неабходны, каб чалавек атрымаў магчымасць вучыцца. Вы не прайшлі па конкурсе і не адгадалі са спецыяльнасцю. Але вы хочаце вучыцца. Дадатковы набор гэтую праблему вырашае", — парыраваў Богуш. На яго думку, матываваны студэнт з, магчыма, не вельмі добрай базай, атрыманай у школе, мае ў гэтым выпадку шанец дагнаць і стаць добрым спецыялістам.

Стужка навiн
0