МІНСК, 13 мая — Sputnik. Тэлегледачы і прафесіяналы на "Еўрабачанні" заўсёды галасуюць крыху па-рознаму, заявіў у інтэрв'ю Sputnik беларускі артыст і тэлевядучы Тэа (Юрый Вашчук), які сёлета ўзначальвае прафесійнае журы конкурсу ў Беларусі.
Фінал "Еўрабачання-2016" адбудзецца 14 мая ў Стакгольме. Беларускі канкурсант IVAN (Аляксандр Іваноў) не прайшоў кваліфікацыю па выніках другога паўфіналу і зноў на сцэне Globe Arena не выступіць.
"На жаль, здараецца і так, што ў фінал выходзяць тыя артысты, якія дрэнна спяваюць, фальшывяць. Бывае, выходзяць і тыя, на каго ніхто не робіць стаўкі. Але мне здаецца, што больш за ўсё балаў у другім паўфінале ў Літвы. Мне здаецца, у літоўскага артыста (Доні Мантэла — Sputnik) наогул вельмі высокія шанцы", — распавёў Sputnik Тэа.
Пагадзіўся назваць артыст і свой асабісты ТОП-3 гэтага "Еўрабачання" — у яго трапілі прадстаўнікі Венгрыі, Літвы і Расіі. Распавёў Тэа і пра тое, чаму часта тыя, хто здаваліся фаварытамі конкурсу, аказваюцца не такімі паспяховымі.
"Вельмі важная энергетыка, пасыл артыста. Часта бывае, што ў відэакліпе нехта выглядае значна больш упэўнена, чым падчас жывога выканання. А гледачоў не падманеш", — сказаў спявак.
Суразмоўца Sputnik мяркуе, што няма нічога дрэннага ў тым, што балы ад прафесійнага журы і тэлегледачоў часцяком крыху розняцца паміж сабой — гэта, на яго думку, дадае конкурсу аб';ектыўнасці.
"Тэлегледачы могуць вырашыць галасаваць нават праз упадабаную кофтачку. Прафесійнае журы так не будзе. Шмат розных фактараў. Тэлегледачоў можа "зачапіць" адно, а журы — іншае", — падкрэсліў Тэа.
Тэа прадстаўляў Беларусь на "Еўрабачанні-2014" з песняй Cheesecake і заняў 16 месца ў фінале. Сёння ён — спявак і вядучы тэлеканала "Беларусь 1".