Прыправа да пацалункаў з рабарбару

© Photo : фота з асабістага архіва Ларысы МятлеўскайЭтнограф Ларыса Мятлеўская
Этнограф Ларыса Мятлеўская - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Нагуляўшыся па Вільні, прыехалі дахаты, а там толькі хлеб ды вада. А Янка кажа: "Не бяда! Зварым кісель з рабарбару". Рабарбарам у іх рэвень называўся.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Прызнаюся: рэвень для мяне расліна, якая нагадвае пра каханне.
У 1989 годзе я пазнаёмілася з беларускім хлопцам Янкам з Вільні і аднойчы ўвесну прыехала да яго ў гоці. Жыў ён на ўскрайку Вільні і меў свой невялічкі агародзік, у якім акрамя кветак рос толькі рэвень.
Часы былі складаныя, панавала перабудова і ў кішэнях, асабліва ў моладзі, гуляў вецер.
У мяне было з сабой 10 рублёў, а у Янкі толькі 3 рублі. Квіток на цягнік да Мінску каштаваў 3 рублі і я спадзявалася, што дзясяткі мне цалкам хопіць на пражыццё.
Той парой я якраз пачынала спраўляць сабе сарочку-вышыванку, але нітак мулінэ чырвонага колеру не было ў мінскіх крамах. І раптам у віленскай я знаходжу ніткі, але толькі ў велізарным матку,  які каштаваў 10 рублёў! Янка купіў мне квіток на апошнія 3 рублі, я купіла ніткі, а наперадзе нас чакалі некалькі дзён на адных пацалунках.
Нагуляўшыся па Вільні, прыехалі дахаты, а там толькі хлеб ды вада. А Янка кажа: "Не бяда! Зварым кісель з рабарбару". Так у іх там рэвень называўся.
За вынаходлівасць я і пакахала Янку, замуж за яго пайшла, а да вяселля яму і сарочку тымі ніткамі вышыла, і сына яму праз год нарадзіла!
Вось такая гісторыя.
Дарэчы, кісель быў смачны!
Барбара любіла рабарбар!
З Вільняй цесна звязана імя Барбары Радзівіл. Магчыма, разам з Жыгамонтам Аўгустам яна любіла ласавацца кісялём з рабарбару і, хто ведае, можа менавіта рабарбар спрыяў іх каханню.
Кісель з рэвеня
На 5 стаканаў не густога кісялю спатрэбіцца 20-30 г крухмалу, пучок чаранкоў рэвеню, 6-8 ст лыжак цукру.
Чаранкі памыць, пачысціць ад ружовай абалонкі (калі яна загрубела), пакрышыць на невялікія кавалачкі, усыпаць цукар і зварыць. Развесці крухмал у халоднай гатаванай вадзе і ўліць у гарачы кампот, перамяшаць і крыху паварыць. Гатовы кісель разліць у кубкі. Калі хочаце, каб кісель атрымаўся густы, то крухмалу на гэту колькасць вады павінна быць 60-80 г.
Галубцы хатнія з рэвеню
На 500 г лісцеў рэвеню 300 г мяснога фаршу, 1/3 шклянкі рысу, 2-3 галоўкі цыбулі, 60 г алею, молаты перац, каляндра, цім'ян, 3-5 ягад сушанага барбарысу, лаўровы ліст, соль па смаку.
Лісце рэвеня памыць і злёгку адварыць, дастаць з адвару і астудзіць. Цыбулю дробна пашаткаваць і абсмажыць на алеі.
У мясны фарш дадаць астуджаны рыс, соль, спецыі, пасмажаную цыбулю і ўсё перамяшаць.
На ліст рэвеня пакласці крыху фаршу і загарнуць канверцікам. Скласці галубцы ў рондаль з тоўстымі сценкамі, заліць адварам ад лісця рэвеню, дадаць лаўровы ліст і ягады барбарысу, пасаліць, накрыць вечкам і тушыць на маленькім агні каля 40 хвілін.
Падаваць да стала са смятанай і хлебам.
 
Смачна есці!
Стужка навiн
0