МІНСК, 15 мая — Sputnik. Незвычайнае свята чакае мінчан і гасцей сталіцы ў Дзяржаўным літаратурным музеі і парку імя Янкі Купалы 21 мая. Да стагоддзя вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч будзе зладжана ўрачыстая цырымонія шлюбу з уручэннем пасведчанняў і памятных падарункаў для пар, у якіх у 2016 годзе юбілей вяселля, паведамляецца на сайце музея.
У межах мерапрыемства "Вясельны праменад" — паказ асабістых вясельных сукенак, унікальная выстаўка "Ісці супольна праз усё жыццё": вясельныя фотаздымкі, ліставанне, вершы-прысвячэнні Янкі Купалы і іншых знакамітых беларускіх паэтаў; фотавыстава Джона Кундстатэра "Каб аднойчы…", шэраг майстр-класаў, сярод якіх па вырабе лялек-абярэгаў, па навязванні наміткі, па старадаўніх вясельных спевах і танцах.
У канцэртнай праграме ля ганка музея прымуць удзел Кацярына Ваданосава, Алесь Камоцкі, "AMAROKA", "Re1ikt", "Лепшы квас", "9 Месяцаў Вясны", Аркестар Фішэра.
Умовы ўдзелу ў "Вясельным праменадзе", а таксама падрабязную праграму мерапрыемстваў Літаратурнага музея Янкі Купалы можна атрымаць на сайце музея.
"Ноч музеяў" – міжнародная штогадовая акцыя, прысвечаная Дню музеяў, які адзначаецца 18 мая. Ідэя акцыі – даць наведвальнікам магчымасць убачыць звыклыя прасторы ў незвычайным рэжыме. Беларускія музеі вырашылі перамясціць праграмы, прысвечаныя прафесійнаму святу, на выходныя дні 14 і 21 траўня.