МІНСК, 16 мая — Sputnik. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Расіі і Беларусі падчас перамоваў абмеркавалі пытанні бяспекі ў рэгіёне і дамовіліся выпрацаваць сумесныя адэкватныя меры рэагавання, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
"Мы абмяркоўвалі гэтыя пытанні і дамовіліся пра тое, што разам будзем выпрацоўваць адэкватныя меры рэагавання", — сказаў Макей у панядзелак на брыфінгу ў Мінску.
Паводле яго слоў, тэма ўзмацнення ваеннай прысутнасці еўрапейскіх узброеных сіл паблізу мяжы Беларусі з'яўляецца адчувальнай для рэспублікі.
"Заходнія партнёры вядуць перамовы аб размяшчэнні дадатковага вайсковага кантынгенту ў краінах-суседках, і мы разглядаем гэта як патэнцыйны выклік нашай бяспецы", — сказаў Макей.
Ён падкрэсліў, што Беларусь не хавае сваёй заклапочанасці і адкрыта гаворыць сваім партнёрам пра гэта. Акрамя таго, паводле слоў Макея, такія дзеянні вядуць да ўзмацнення напружанасці ў рэгіёне.
У Польшчы 13 мая прайшла цырымонія пачатка будаўніцтва комплексу супрацьракетнай абароны (ПРА) ЗША, якая разам з базай ПРА ў Румыніі да 2018 года павінна стаць часткай еўрапейскага шчыта ПРА. У цырымоніі пачатку будаўніцтва базы ПРА ЗША ў польскім Рэдзікава, якую ў прамым эфіры транслявала польскае тэлебачанне, прынялі ўдзел прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, міністр абароны гэтай краіны Антоній Мачарэвіч, намеснік міністра абароны ЗША Роберт Уорк, амбасадар ЗША ў Польшчы Пол Джонс, камандуючы ВМС ЗША ў Еўропе і Афрыцы адмірал Марк Фергюсан і дырэктар Агенцтва па ПРА міністэрства абароны ЗША Джэймс Сірынг. Згодна з планамі еўрапейскага шчыта ПРА НАТА, у Польшчы на ваеннай базе ў Рэдзікава будуць размешчаны ракеты сярэдняй далёкасці SM-3, а таксама радар радыёнавядзення. Мяркуецца, што на базе будуць знаходзіцца каля 300 вайскоўцаў ЗША.