МІНСК, 16 мая — Sputnik. У дзень 105-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Васіля Віткі ў сталічную дзіцячую бібліятэку №6, якая носіць яго імя, запрасілі дзяцей і сучаснага дзіцячага аўтара Уладзіміра Ліпскага.
На працягу тыдня ў бібліятэцы будуць папулярызаваць творчасць Васіля Віткі, ладзіць чытанне яго твораў, дэманстраваць спектаклі і запрашаць школьнікаў пазнаёміцца з беларускай літаратурай бліжэй.
У бібліятэцы кажуць, што для пачатковай школы ў Беларусі выдаецца досыць літаратуры, а вось для старэйшай і сярэдняй — куды менш, сярод любімых дзецьмі пісьменнікаў называюць Раісу Баравікову, Алену Масла, Аляксандра Наварыч, Аляксандра Бадака. Дырэктар бібліятэкі Тамара Патук кажа, што кніг пра жывёл, поўных хуткамовак і загадак, хапае, але дзеці хочуць чытаць пра свае сучаснікаў, і заклікае аўтараў папрацаваць у гэтым кірунку.
"Ёсць шмат сем'яў, у якіх бацькі гавораць па-беларуску, яны спрабуюць захапіць дзяцей беларускай літаратурай", — распавяла карэспандэнту Sputnik дырэктар бібліятэкі Тамара Патук, пакуль Уладзімір Ліпскі, які фактычна пераняў дзіцячы часопіс "Весёлка" з рук Васіля Віткі, гутарыў з дзецьмі.
Сам Ліпскі лічыць, што як бы не змянялася сітуацыя ў свеце, прынцыпы напісання дзіцячай літаратуры фактычна не змяняюцца.
"Няхай змянілася крыніца атрымання інфармацыі, няхай дзеці атрымліваюць веды з інтэрнэту, тэлефона, але ўсё ж наша задача ранейшая: навучыць іх любіць радзіму, зямельку родную, паважаць старэйшых, упусціць у іх душу святло", — падзяліўся сваімі думкамі дзіцячы пісьменнік.
Зрэшты, усведамляючы важнасць новых тэхналогій, рэдкалегія "Вясёлкi" паклапацілася і пра тое, каб у часопіса быў сайт — праз яго спрабуюць прыцягнуць увагу дзяцей да кнігі і да самога часопіса.
"Усе кніжнае багацце ў інтэрнэт не загоніш, тым больш, кнігу можна прыціснуць да грудзей, узяць у рукі. Ды і сустрэчы ў дзіцячай бібліятэцы вельмі важныя, сёння хлопцы паслухалі беларускае слова, абмяняліся думкамі, убачылі эмоцыі адзін аднаго — і гэта зусім не тое ж самае, што паглядзець у экранчык тэлефона ", — адзначыў Ліпскі.