МІНСК, 17 мая — Sputnik. Два новых музычных праекты плануюць рэалізаваць сёлета на тэрыторыі Верхняга горада, паведамілі ў панядзелак на сайце Мінгарвыканкама.
Час правядзення новых праектаў яшчэ не названа, аднак ужо зацверджана іх канцэпцыя.
Першы музычны праект — "Яны праславілі Беларусь". Тут у выкананні вядомых музыкаў будзе гучаць музыка Уладзіміра Мулявіна, Міхала Клеафанса Агінскага, Яўгена Глебава і іншых вядомых беларускіх кампазітараў.
Другі праект — фестываль дзіцячых і юнацкіх духавых аркестраў. У праграмах возьмуць удзел калектывы з рэгіёнаў Беларусі, а таксама суседніх краін — Расіі, Польшчы, Літвы.
У мінулым годзе ў Верхнім горадзе паспяхова прайшло грузінскае свята "Тбілісоба". А сёлета падобныя дні нацыянальных культур тут плануюць арганізаваць восем грамадскіх нацыянальных аб'яднанняў.
"Сёння гэта культурная прастора, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для правядзення канцэртаў, выстаў, гістарычных рэканструкцый і іншых мерапрыемстваў. Чацвёрты год на тэрыторыі Верхняга горада ў маі адкрываецца летні музычна-турыстычны сезон, у межах якога адбываюцца канцэрты, фестывалі, тэматычныя праграмы, якія адлюстроўваюць гісторыю горада, выставы майстроў народнай творчасці ", — падкрэсліла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, начальнік упраўлення культуры Віталіна Рудзікава.
Таксама сёлета зноў адбудуцца вечары джазавай і класічнай музыкі ў Ратушы. Запланавана "вяртанне" і іншых ўпадабаных беларусамі мерапрыемстваў.