МІНСК, 17 мая — Sputnik. Кожную хвіліну больш за 500 чалавек падпісваюць петыцыю з заклікам перагледзець вынікі "Еўрабачання-2016".
Фінал "Еўрабачання-2016" адбыўся ў ноч з суботы на нядзелю ў сталіцы Швецыі. Перамогу ў конкурсе атрымала ўкраінка Джамала, другое месца заняла аўстралійская спявачка Dami Im, трэцяе — расіянін Сяргей Лазараў, які пры гэтым набраў большасць галасоў тэлегледачоў. Адразу ж пасля абвяшчэння вынікаў на партале Change.org з'явілася петыцыя з заклікам перагледзець вынікі конкурсу.
Па стане на 09:40 аўторка свае подпісы пакінулі парадку 80 тысяч нязгодных, аднак ужо ў 10:40 петыцыя знайшла падтрымку 120 тысяч чалавек. У сярэднім каля 500 чалавек у хвіліну прымаюць рашэнне падтрымаць заклік да Еўрапейскага вяшчальнага саюзу аб пераглядзе вынікаў "Еўрабачання-2016".
Аўтары петыцыі заяўляюць, што першапачаткова планавалі сабраць толькі 35 тысяч подпісаў, аднак падтрымка дакумента апынулася ў разы вышэй за іх чаканні. Прэс-служба ЕВС да гэтага часу не пракаментавала актыўную падтрымку петыцыі і не адказала на запыт Sputnik.
Падпісанты незадаволеныя новай сістэмай падліку галасоў і вызначэння пераможцы. Многія таксама заяўляюць пра тое, што песня-пераможца парушае правілы конкурсу і мае палітычны падтэкст. Акрамя таго, сумневы ў шэрагу еўрапейцаў выклікае перспектыва праводзіць наступнае "Еўрабачанне" ў краіне з бясконцым ваенным канфліктам. Падтрымалі петыцыю жыхары больш чым 50 краін свету.