Алена Масла, Sputnik.
На мой запыт дазволу расказаць гісторыю яе лёсу Іна пагаджаецца без ваганняў. Свет поўны добрых людзей, лічыць жанчына, яны вельмі дапамаглі ёй і яе сям'і.
Таму Іна і не таіцца, не забараняе сябрам і знаёмым расказваць пра сябе ў сацыяльных сетках, у прэсе. Гэта магчымасць як звярнуць увагу на сваю праблему, так і публічна аддзячыць людзям, якія праявілі спагаду, кажа Іна.
Блізу трох гадоў мінула ад той пары, калі Іну дактары з раённай паліклінікі выправілі на абследванне ў Віцебск: у 38 гадоў жанчына сабралася другі раз нараджаць, а ў такім узросце цяжарныя пад асабліва пільным наглядам.
У абласной клініцы спецыялісты агледзелі, зрабілі УГД і парадвалі — цяжарнасць развіваецца нармальна, няма пра што хвалявацца.
А па дарозе дамоў легкавушка, на якой Іна вярталася разам з мужам і дачкой-старшакласніцай, трапіла пад колы вялікай грузавой машыны… Ацалелі ўсе, але вось Іна ў выніку атрыманых траўмаў страціла дзіця і паралізаваная па сёння. Вось такі лёс.
Вучыцца жыць давялося нанова. Рухавая жыццялюбка апынулася прыкаванай да ложка: проста ляжаць, не мець магчымасці нават паесці, расчасацца самастойна… Але радвацца, што час ад часу даюць пра сябе знаць ногі — рэдкім пакалваннем у ступаках. І гэта нараджала надзею на тое, што некалі яны стануць слухацца, што не ўсё згублена.
Аднавяскоўцы сцвярджаюць: больш аптымістычных людзей, чым Іна, цяжка знайсці! Не скардзілася ніколі, не наракала, заўжды знаходзіла нагоду радвацца. За дачку Яну, якая паступіла ў Полацкі педагагічны каледж і, у дадатак да гэтага, знайшла сабе занятак па душы — займаецца ў тэатральным гуртку. За тое, што поруч —клапатлівыя родныя. Што напярэдадні Калядаў у 2015 людзі, якія праз сацыяльныя сеткі ведалі пра яе, засыпалі падарункамі, паштоўкамі. Што сталі з'яўляцца мізэрныя, але станоўчыя зрухі ў самаадчуванні…
Але год таму яшчэ адно няшчасце абрынулася на сям'ю: паехаў у Вільню і не вярнуўся, памёр ад сардэчнага прыступу муж Іны, Валодзя… З Інай яны былі з адной вёскі, знаёмыя з дзяцінства.
Сям'я мужа жыве на суседняй вуліцы. Пасля страты сына спадарыня Ірына, свякроў, якая і дагэтуль нястомна дапамагала, стала другой мамай. І зараз Іну даглядаюць мама Наталля і мама Ірына.
Адных абставіны ламаюць і знішчаюць. Іншых — загартоўваюць і нібыта робяць жывым сведчаннем таго, што галоўнае ў чалавеку — гэта Дух, нязломнасць Чалавечага ў чалавеку. Не толькі ў таго, якому выпаў лёс пераадолення і цяжкага трывання. У тых, хто поруч з ім, таксама. Дапамагчы, падтрымаць, падставіць плячо ў цяжкую хвіліну — ці не гэта праявы найлепшага, што мы маем прапанаваць адзін другому?
Напярэдадні 2016 года сям'я звярнулася да людзей з просьбай дапамагчы набыць дарагі, але жыццёва неабходны ложак-трансформер для Іны, бо пераносіць жанчыну паджылым родным станавілася ўсё складаней.
Больш за 20 мільёнаў беларускіх рублёў патрабавалася для ложка, які трансфармуецца ў каляску. І людзі адгукнуліся! Пра патрэбу Іны напісалі "Міёрскія навіны", раённая газета. Знаёмыя ў сацыяльных сетках распавялі пра просьбу. Калегі-паштавікі абвясцілі пра неабходнасць дапамогі.
І вось напачатку 2016-га года прыемная навіна: доўгачаканы трансформер набыты! Праз інтэрнэт-краму, прадстаўнікі адтуль і даставілі яго ў Ідолта. Таксама былі набытыя спецыяльны матрац і зручная падушка вакол шыі з ёмістасцю для вады і душавой палівачкай для мыцця галавы.
Сабраных грошай было нашмат больш, чым на ложак-трансформер. За тое, што звыш, для Іны набылі крэсла, на якім яна мае магчымасць рабіць выезды, і планшэт, праз які падтрымлівае стасункі са светам.
"Вялікі дзякуй за матэрыяльную дапамогу чытачам раённай газеты, міярчанам, суседзям, жыхарам вёскі Ідолта, дзякуй мясцовым паштавікам, а таксама раённаму, абласному і рэспубліканскаму прафсаюзным паштовым фондам. Пайменна ўсіх добрых людзей назваць немагчыма, бо банк такой інфармацыі не прадастаўляе. Не толькі за фінансавую падтрымку, але і распаўсюджанне інфармацыі, дзякуй усім добрым людзям, што падтрымалі мяне", — кажа Іна.
Мінула амаль палова года пасля дабрачыннай акцыі, калі Sputnik размаўляў з Інай Тышкевіч. Самаадчуванне Іны значна палепшылася. Яна не толькі ляжыць — шмат сядзіць і вучыцца самастойна кіраваць сваёй каляскай. І шчыра лічыць, што гэты цуд з Божай ласкі здзейснены супольна ўсімі добрымі людзьмі.
"Не ведаем, як аддзячыць усім добрым людзям", — усё паўтарала яна і яе мамы Наталля і Ірына.
Але ці не лепшая падзяка ўсім — сведчанне, якое прыйшло праз Іну: жывыя ў свеце спагада і міласэрднасць! І за гэта веданне дзякуй Вам, Іна!