МІНСК, 18 мая — Sputnik. Больш за 8,8 тысяч падлеткаў скончаць сталічныя школы ў бягучым годзе, распавяла на прэс-канферэнцыі ў сераду начальнік аддзела дашкольнай, агульнай, сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Юркевіч.
Апошнія званкі прагучаць у сталічных школах 30 мая, а ўжо 10 чэрвеня ў большасці ўстаноў адукацыі пройдуць выпускныя вечары.
"Іх час вызначаюць бацькоўскія камітэты. У большасці выпадкаў выпускныя пройдуць у саміх школах, але ў некаторых — і ў іншых сацыякультурных арганізацыях. Некаторыя школы правядуць выпускныя вечары 11 чэрвеня", — распавяла начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай працы камітэта па адукацыі гарвыканкама Ганна Рысявец.
Як удакладніла Юркевіч, базавую ступень адукацыі ў сталіцы завершаць 15800, а сярэднюю школу — 8823 чалавек. Штогод, паводле яе слоў, школьнікаў становіцца ўсё больш.
Таксама прадстаўнікі гарадскіх уладаў распавялі, што падчас выпускных у камітэце па адукацыі і ў раённых аддзелах адукацыі будуць працаваць каардынацыйныя штабы.
Прадстаўнікі камітэта нагадалі і аб зменах у базавай школьнай праграме — напрыклад, змене тэрміну выкладання фізікі і павелічэнню гадзін працоўнага навучання. Удакладнілі чыноўнікі і тое, што ў наступным навучальным годзе можна будзе выкарыстоўваць дзённікі, надрукаваныя ў 2016 годзе.
Прадстаўнікі ДАІ на прэс-канферэнцыі заклікалі нагадаць аб правілах бяспекі на дарогах — як дзецям, так і кіроўцам. Пры гэтым, адзначылі прадстаўнікі інспекцыі, віна за любое здарэнне з удзелам непаўналетніх ўсё роўна ляжыць на дарослых, бо дзеці — гэта яшчэ "несфарміраваныя асобы".