МІНСК, 21 мая — Sputnik. Кошты ў Беларусі павінны расці не больш чым на 0,6% у месяц, заявілі ў пятніцу ў міністэрстве гандлю рэспублікі.
Урад плануе інфляцыю за год у межах 12%. Абапіраючыся на гэтыя лічбы, Мінгандлю нагадвае: змена коштаў да канца бягучага года не павінна перавышаць устаноўленых межаў, улічваць гэта належыць усім удзельнікам рынку.
Спецыялісты ведамства выявілі, што асобнымі вытворцамі і імпарцёрамі за перыяд са студзеня па 16 мая гэтага года былі павялічаны адпускныя кошты ў памеры, якi перавышае ўстаноўлены гадавы індэкс змены спажывецкіх коштаў.
Сярод найбольш падаражэўшых — прадукцыя кампаній "Савушкін прадукт", беларускага аддзялення Danone, "Камунаркі", "Дарыды", "Галантэі" ды іншых прадпрыемстваў, па асобных пазіцыях рост коштаў склаў да 12%.
"Сёння на фоне зніжэння стаўкі крэдытных рэсурсаў, стабілізацыі курсу валют павышэнне коштаў магчыма выключна ў межах даведзенага задання", — заявіў кіраўнік Мінгандлю Уладзімір Калтовіч.
Цяпер ведамства падрыхтавала прапановы, каб надзяліць міжведамасную працоўную групу па кантролі за коштамі дадатковымі паўнамоцтвамі.
"Толькі ў маі бягучага года Мінгандлем за грубыя парушэнні заканадаўства прыпынялася дзейнасць 42 аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання. У дадзеным кантэксце асаблівая ўвага будзе нададзена фактам не абгрунтаванага павышэння коштаў. Адказнасць павінны несці ўсе суб'екты: і гандаль, і імпарцёры, і вытворцы", — рэзюмавалі у ведамстве.