МІНСК, 20 мая — Sputnik. Прапановы па рэфармаванні пенсійнай сістэмы перадалі ў пятніцу ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".
"Мы перадалі канцэпцыю пенсійнай рэформы. Яе сутнасць у тым, што Беларусь павінна перайсці ад салідарнай пенсійнай сістэмы да больш збалансаванай. Для гэтага павінен быць створаны Нацыянальны назапашвальны фонд. І тыя 29%, якія сёння кожны беларус пералічвае на выплату пенсій цяперашнім пенсіянерам, павінны пароўну дзяліцца: частка на пенсіі іншым, частка — у назапашвальны фонд", — растлумачыў сутнасць сваіх прапаноў у інтэрв'ю Sputnik кіраўнік аргкамітэта Віталь Рымашэўскі.
Першапачатковую фінансавую базу фонду маглі б стварыць буйныя беларускія прадпрыемствы, пералічыўшы каля чвэрці свайго прыбытку, мяркуе Рымашэўскі. У далейшым сродкі Нацыянальнага пенсійнага фонду, на думку актывістаў БХД, можна будзе выкарыстаць у якасці інвестыцый у прыбытковыя галіны гаспадаркі. На імя кожнага пенсіянера, які робіць адлічэнні, павінен быць адкрыты індывідуальны рахунак. І ў выпадку яго заўчаснага скону скарыстацца яго накапленнямі змогуць дзеці.
У Мінпрацы да прапаноў БХД, па словах Рымашэўскага, паставіліся скептычна і ў сваю чаргу прад'явілі актывістам лісткі з інфармацыяй пра іх плацяжы ў фонд сацыяльнай абароны.
"Відавочна, хацелі паказаць, што гэтых выплат было не так шмат. Хоць у Вольгі Кавальковай, якая была разам са мной, былі гады, калі яна цалкам прыстойна зарабляла, і адпаведна рабіла вялікія адлічэнні. Так, у апошнія год заробкі знізіліся. Але такое адчуванне, што чыноўнікі жывуць у іншай краіне і не ведаюць, што адбываецца з эканомікай", — заўважыў Рымашэўскі.
Акрамя сістэмнай рэформы актывісты БХД выступілі і з шэрагам кропкавых прапаноў, датычных пенсійнай сістэмы. У прыватнасці, на іх думку, павышэнне пенсійнага ўзросту для мужчын было памылкай.
"Пенсійны ўзрост для мужчын не павінен перавышаць 60 гадоў праз іх невысокую працягласць жыцця", — патлумачыў Рымашэўскі.
Акрамя таго, ён прапануе ўвесці ў заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні паняцце "страхавы стаж", які ўключаў бы ў сябе перыяды праходжання вайсковай службы; дагляд дзіцяці да трох гадоў; атрыманне дапамогі па беспрацоўі і шэраг іншых.
Свае прапановы, а таксама больш за тысячу подпісаў, сабраных у падтрымку, актывісты БХД перадалі прадстаўнікам Міністэрства працы.