МІНСК, 21 мая — Sputnik. Унікальны комплекс абсталявання для абясшкоджвання фармацэўтычных адходаў і цысталагічных фармацэўтычных прэпаратаў распрацаваны ў Белдзяржуніверсітэце, паведамілі Sputnik у прэс-службе ВНУ.
Распрацоўка выканана навукоўцамі Інстытута ядзерных праблем БДУ пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі радыёфізічных даследаванняў Віктара Карповіча.
Як распавялі ва ўніверсітэце, комплекс дазволіць абясшкоджваць фармацэўтычныя і цысталагічныя прэпараты. Звычайна іх утылізацыя патрабуе альбо спальвання пры высокай тэмпературы, або пахавання ў герметычнай металічнай капсуле на спецыялізаваных палігонах — сёння такі функцыянуе ў Гомельскай вобласці.
Дзеянне новага комплексу заснавана на мікрахвалевым уздзеянні, ён дасць магчымасць вырашыць праблему абясшкоджвання адходаў, пераводзячы іх у групу побытавых — пасля гэтага адпрацаваны фармацэўтычны матэрыял можна ўтылізаваць без шкоды для навакольнага асяроддзя.
"Варта адзначыць таксама і эканамічную выгаду новага комплексу. Акрамя электрычнасці, яна не патрабуе дадатковых выдаткаў. Кошт абясшкоджвання кілаграма медыцынскіх адходаў складзе не больш за 3,5 долары", — удакладнілі ў БДУ.
Як адзначыў загадчык лабараторыі Карповіч, у Беларусі штогод утвараецца каля 30 тысяч тон медыцынскіх адходаў. Для цэнтралізаванага і своечасовага іх абясшкоджвання рэспубліцы неабходна 25 такіх комплексаў.
Комплекс цалкам адпавядае міжнародным нарматывам і атрымаў усе неабходныя ліцэнзіі, заключэнні і патэнты. Навінкай беларускіх навукоўцаў ужо зацікавіліся Расія і Ізраіль, аднак у БДУ спадзяюцца, што распрацоўку захочуць выкарыстоўваць і ў іншых краінах.