МІНСК, 23 мая — Sputnik. Подзвігу першага героя Беларусі, лётчыка Уладзіміра Карвата, спаўняецца роўна 20 гадоў, коштам уласнага жыцця ён прадухіліў катастрофу, якая магла б пацягнуць за сабой вялікія чалавечыя ахвяры.
Увечары 23 мая 1996 года начальнік паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы, размешчанай у Баранавічах, падпалкоўнік Уладзімір Карват здзяйсняў вучэбна-трэніровачны палёт. Перад ім стаяла задача — адпрацаваць тактычныя прыёмы паветранага бою на малых вышынях у складаных метэаўмовах і ўначы.
Самалёт Су-27, якім кіраваў Карват, пачаў разбег ў 22 гадзіны 44 хвіліны, праз восем хвілін ужо ляцеў на вышыні 900 метраў з хуткасцю 540 км/г. Але ў гэты момант на табло ў кабіне пілота загарэлася папярэджанне, што ў першай гідрасістэме ўпаў ціск. Следам сталі адмаўляць і іншыя сістэмы, у тым ліку і сістэма кіравання. Карвату загадалі катапультавацца. Знішчальнік у гэты час пралятаў над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча.
Апошнія 14 секунд палёту, як пазней было паказана ў ўзнагародным лістку, "падпалкоўнік Карват Уладзімір Мікалаевіч, выкарыстоўваючы мінімальныя магчымасці ўздзеяння на самалёт, працягваў адводзіць яго ў бок ад вёскі". У выніку яго Су-27 зваліўся ў кіламетры ад Арабаўшчына.
Пажарны разлік прыбыў да месца падзення даволі хутка, полымя ўдалося збіць да таго, як яно перакінулася на кабіну, але лётчык ужо быў мёртвы — загінуў пры падзенні. Пры гэтым яго рукі ляжалі на ручцы кіравання, а не на катапульце. Дадзеныя "чорнай скрыні" пазней таксама пацвердзілі: афіцэр Карват да апошняга спрабаваў стабілізаваць траекторыю, адвесці самалёт ад населеных пунктаў.
Экспертыза ўстанавіла, што прычынай катастрофы стаў пажар у левым абцякальніку хваставой часткі Су-27. Пачалася цеч у гідрасістэме, электрычныя кабелі перагарэлі — і самалёт страціў кіраванне. Падпалкоўніку авіяцыі Уладзіміру Карвату было 37 гадоў.
Загадам міністра абароны Карват быў навечна залічаны ў спісы асабовага складу 1-й авіяцыйнай эскадрыллі авіябазы. Яго прозвішча кожны раз гучыць падчас агульнавайсковы праверкі. Акрамя гэтага, у частцы, дзе служыў Карват, і ў брэсцкай школе № 8, дзе ён вучыўся, створаны музеі. Школа, да таго ж, носіць яго імя. У гонар афіцэра названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і вёсцы Арабаўшчына, імя Карвата носяць сквер і бульвар ў Баранавічах.
У музеі Уладз
Памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя першаму Герою Беларусі, пройдуць у панядзелак на тэрыторыі 61-й знішчальнай авіябазы і ў вёсцы Арабаўшчына, жыхароў якой 20 гадоў таму коштам уласнага жыцця выратаваў падпалкоўнік.