Санаторый "Беларусь" у Сочы прадае з аўкцыёну апартаменты і гаражы

Падпісацца
Усяго плануецца правесці чатыры аўкцыёны, усе яны адбудуцца ў Мінску. Такім чынам санаторый разлічвае сплаціць пазыкі расійскімі падрадчыкам.

МІНСК, 23 мая — Sputnik. Размешчаны ў Сочы (Расія) санаторый "Беларусь", які знаходзіцца ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі, мае намер прадаць праз адкрытыя аўкцыёны апартаменты і гаражныя боксы.

Такая інфармацыя размешчана на сайце санаторыя. Першы аўкцыён адбудзецца ў Мінску ў панядзелак, наступныя аўкцыёны намечаны на 26 мая, 31 мая і 8 чэрвеня.

Да продажу прапануюцца адна- і двухузроўневыя апартаменты плошчай ад 46 кв. м да 351 кв. м у гатэлі, які размешчаны паблізу дэндралагічнага парка ў Сочы. Прадавец прыцягвае патэнцыйных пакупнікоў інфармацыяй пра тое, што ў выпадку куплі такой нерухомасці яны змогуць карыстацца добраўпарадкаваным пляжам, тэніснымі кортамі і лыжаролернай трасай, якія размешчаны ў крокавай даступнасці ад установы аховы здароўя.

Як раней паведамлялася, санаторый "Беларусь" прайграў судовую справу аб выплаце кампенсацыі расійскім падрадчыкам ў памеры каля 1,2 мільёна даляраў. У сакавіку мінулага года Арбітражны суд Паўночна-Каўказскай акругі Расіі пастанавіў пакінуць у сіле рашэнні суда ніжэйшай інстанцыі аб выплаце кампенсацыі. Такім чынам, была пастаўлена кропка ў судовай цяжбе, якая доўжылася каля трох гадоў.

У 2006 годзе санаторый падпісаў з кампаніяй "Новы горад — Вытворчыя тэхналогіі" з Сочы дагавор падраду на выкананне праектных работ па рэканструкцыі і рамонце сваіх аб'ектаў. У 2011 годзе санаторый, не расплаціўшыся па кантракце, яго скасаваў. Запазычанасць перад падрадчыкам склала каля мільёна расійскіх рублёў. У сакавіку 2014 года Арбітражны суд Краснадарскага краю па пазове падрадчыка пастанавіў спагнаць 62,3 мільёна расійскіх рублёў, у тым ліку 55,4 мільёна аплаты за працы і сем мільёнаў адсоткаў за карыстанне гэтымі грашыма ў 2012-2014 годзе.

Як растлумачылі Sputnik крыніцы, продаж апартаментаў і гаражных боксаў санаторыем ажыццяўляецца, каб пагасіць актуальную запазычанасць перад расійскімі падрадчыкамі.

Стужка навiн
0