Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХII Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня" адбылася 20 мая. Пераможцаў у 25 намінацыях вызначыла прафесійнае журы. Мядзведзь Топа стаў уладальнікам статуэткі ў намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый" — за яго прагаласавалі 38% гледачоў.
"Я параўноўваю сябе з Іллём Мурамцам. Сядзеў 30 гадоў пад сталом, нікога не чапаў. Сказалі — ідзі! І калі ты стаіш на сцэне, і ўстае ўся зала, ты разумееш, што становішся нацыянальным героем", — усміхаецца Уладзімір Варанкоў.
Паводле яго слоў, Белтэлерадыёкампанія, прапануючы на конкурс плюшавую цацку, не чакала такога поспеху.
Дзіцячая вячэрняя тэлеперадача "Калыханка" ўпершыню выйшла ў эфір Беларускага тэлебачання ў студзені 1981 года. Уладзімір Варанкоў і мядзведзь Топа лічацца старажыламі праграмы — акцёр працуе ў перадачы ўжо 25 гадоў, а яго персанажу сёлета споўнілася 30 гадоў.