Вольга Савіцкая, Sputnik
Выстава Губарава — гэта ўжо пяты выставачны праект пад адкрытым небам. Да яе экспанаваліся копіі твораў Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Мікалая Селешчука.
Імя Валянціна Губарава ведаюць не толькі ў нашай краіне — яго працы маюць пастаянны поспех не толькі на беларускіх выставах, але і ў еўрапейскіх галерэях. Sputnik пагутарыў з мастаком напярэдадні выставы.
"У мяне шчаслівы лёс мастака — я пішу тое, што мне падабаецца. Мне часта прапануюць сюжэты, аднак яны павінны вельмі спадабацца, каб стаць маімі. Я не вучоны-гісторык або рэжысёр, які здымае гістарычнае кіно, дзе ўсё павінна адпавядаць той ці іншай эпосе", — распавёў Валянцін Аляксеевіч.
Паводле яго слоў галоўнае ў творчасці — не дакладнае супадзенне, а мастацкі вобраз, і калі некаторыя неадпаведнасці дапамагаюць ясней выказаць ідэю, то мастак павінен ахвотна іх выкарыстоўваць.
"Я абапіраюся ў асноўным на памяць, вядома ж, далёка не ідэальную, я праношу яе праз сваё жыццё — дзяцінства, юнацтва, даросласць", — удакладніў ён.
Ужо больш за 20 гадоў Валянцін Губараў супрацоўнічае з галерэяй "Les Tournesols — яе філіялы ёсць у Парыжы, Ліёне, Сэнт-Эцьен і іншых французскіх гарадах. Але не гледзячы на частыя візіты ў Францыю, мастак прызнаецца, што яму па-ранейшаму цікавыя нашы, тутэйшыя рэаліі.
"Я пішу тое, што мне зразумела. Мне цікава зазірнуць у невялікі дворык, не парадны пад'езд, у звычайную хрушчоўку, дзе цячэ штодзённае жыццё, а ў інтэр'ерах пануюць прадметы, знаёмыя ўсім. Я ні ў якім разе не смяюся над сваімі героямі. Я іх люблю, перажываю разам з імі. Я пішу людзей, якія любяць рыбалку, грыбы, шашлыкі, падарожжа. Усе сюжэты маіх карцін — гэта нейкія жыццёвыя калізіі, могуць быць афарбаваныя маім стаўленнем да іх, вясёлым або філасофскім ", — падзяліўся мастак.
"Восень
Часцей за ўсё на карцінах Губарава правінцыйныя гарады, але мінскія сюжэты таксама прысутнічаюць. На адной з карцін ёсць Лошыцкае прадмесце, яшчэ неадрэставанае, на іншай — Грушаўка c высокімі старымі дрэвамі і калонкамі з вадой.
"Мастацтва выходзіць з музеяў, галерэй і ідзе насустрач людзям. Я ўжо не здзіўляюся, калі кандытарская фабрыка звяртаецца з прапановай выкарыстоўваць мае карціны для афармлення скрынкі цукерак. Ці якая-небудзь дызайнерская кампанія — для дызайну мэблі або інтэр'ераў. Калі звяртаюцца з просьбай выкарыстаць мае творы для афармлення вокладак кніг, музычных кампакт-дыскаў, календароў, я згаджаюся з задавальненнем, таму што гэта папулярызуе маё мастацтва", — прызнаўся мастак.
У Мінску Валянцін Губараў выстаўляецца даволі часта, але калі рыхтуецца да чарговай выставы, прызнаецца, што адольваюць сумневы.
"Прыдзірліва глядзіш на карціны і думаеш — у гэтай я не дамогся таго, чаго хацеў, а гэтая нейкая прахадная, а тут сюжэт дробны, а гэтая па тэхніцы не дацягвае. Хоць некаторыя карціны для сябе я ацэньваю, як хрэстаматыйныя, тытульныя. Неяк я прыехаў у Аўстрыю, мне ўручылі каталог аўкцыёну "Крысціс" ў Лондане, і я са здзіўленнем убачыў на вокладцы рэпрадукцыю адной з маіх любімых карцін "Аглядальнік", — распавёў мастак.
З нагоды будучай выставы мастак кажа, што любіць Мінск і ўпэўнены, што такі выставачны праект пад адкрытым небам — гэта несумненны плюс гораду і яго арганізатарам.
Выставачны праект "Мастак і горад" рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама. Ініцыятарамі выставы выступаюць агенцтва сацыяльнага маркетынгу GrandBS і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. C 2014 года генеральным партнёрам праекта з'яўляецца Банк ВТБ.