МІНСК, 24 мая — Sputnik. Будаўніцтва музейнага квартала ў Мінску сёлета запатрабуе яшчэ 80 мільярдаў укладанняў, заявіў у інтэрв'ю Sputnik дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея (НММ) Уладзімір Пракапцоў.
Ідэю будаўніцтва музейнага квартала падтрымаў асабіста прэзідэнт — яшчэ ў 2006 годзе. Аднак актыўнае ўзвядзенне комплексу пачалося толькі нядаўна.
"У 2015 годзе было асвоена 60 мільярдаў рублёў, у першым квартале гэтага года — яшчэ 15 мільярдаў. Нам трэба яшчэ мільярдаў 80 (звыш $ 4 млн — Sputnik) на гэты год", — распавёў Sputnik Пракапцоў.
Паводле яго слоў, цяпер працягваецца рэстаўрацыя будынкаў з прыстасаваннем пад музейныя кварталы — на вуліцах Кірава і Карла Маркса.
"Працэс ідзе, хоць і трохі перашкодзіў крызіс. Але я думаю, што да 2020 года мы скончым наш музейны комплекс, узвядзенне якога ідзе пад патранатам прэзідэнта. І нам важна, каб мы сфарміравалі гэты комплекс з адпаведнай архітэктурай", — прадоўжыў дырэктар музея.
Таксама Пракапцоў нагадаў: стары будынак быў узведзены яшчэ ў 1957 годзе і збольшага знасіўся.
"Я маю на ўвазе інжынерныя сеткі, клімат-кантролю там няма… Спадзяюся, да 2020 года там будзе клімат-кантроль, таму што яго наяўнасць — абавязковая ўмова для выстаў з іншых музеяў: Эрмітажа, Траццякоўскай галерэі", — сказаў на заканчэнне суразмоўца агенцтва.
Музейны квартал з'явіцца каля цяперашняга будынка музея па вуліцы Леніна. Плануецца, што ён будзе складацца з чатырох пабудоў, галерэяў пад адкрытым небам, фондасховішча, рэстаўрацыйных майстэрняў, навуковых бібліятэк. Абяцаюць тут і месцы адпачынку, кафэ, шапікі і нават парк скульптур.