Алена Масла, Sputnik
Блізу месяца жывуць "дыяментавыя юбіляры" на новай сядзібе. У суседнюю вёску Сташулі перабрацца іх прымусіла жыццё — Мізарэчча, дзе сажылі век, з некалі вялікай вёскі ператварылася ў хутарок. У непагадзь да яго цяжка дабрацца — машыны загразаюць, не могуць пераехаць праз роў, які пераразае дарогу. Пасля доўгіх роздумаў адгукнуліся на прапанову заняць хату ў Сташулях, якая стаяла без гаспадароў.
"Штодзень прачнуся і думаю — як там мая хатка асталася, — дзеліцца перажываннямі Францішка Браніславаўна. — Але і тут добра: людзі штодзень заходзяцца, і Марыйцы, дачцэ, лягчэй нас даглядаць — усё ж тут мы пры дарозе жывём, а не адрэзаныя ад свету".
"Дыяментавае" вяселле меліся адзначаць яшчэ мінулай восенню — з гасцямі, застоллем, песнямі. Але сям'ю напаткала бяда — памерла дачка Ліля. "Во які лёс — мы жывем, а яе няма", — выцірае слёзы Францішка Браніславаўна.
Абодва — і жонка, і муж — пры выдатнай памяці, на сваіх нагах. Шмат чытаюць, гэта любімы занятак праз усё жыццё. Цудоўна апавядаюць пра мінулае і ахвотна адгукаюцца на просьбу падзяліцца сакрэтамі шчаслівага шлюбу. Агучвае пажаданні Францішка Браніславаўна.
"Саступаць трэба адно адному. Бывала, што тут хаваць — я ўсерджуся, ці мой усердзіцца, крыкнем адзін на аднаго — але і аціхнем. Заўзятых спораў у нас праз усё жыццё не было. Муж мой не піў — во гэта шчасце. Лагодны да мяне, дачок вельмі любіў. Я магла на іх насварыцца за нешта, а ён голасу ніколі не падвысіў.
Я са сваім Ясем з аднаго году, 1927. Толькі ён у канцы нарадзіўся, а я — на пачатку. Дык я трошкі старэйшая. Як пазнаёміліся? Гэта ж вёска, усе адзін аднаго ў ваколіцы і так ведаюць. А я, як маладая была, яшчэ з дзяўчынкай адной кватаравала ў іх — на ферму было далёка з суседніх Тараракаў, адкуль я родам, дабірацца — пасля працы па начы ідзеш, пасля да святла ўстаеш, каб паспець. Дык мая маці з яго маці дамовілася пра кватэраванне. Ну і пасля мая кватэрная гаспадыня стала мне свякроўкай…
Як мы маладыя былі, моды такой не было як зараз — разыходзіцца. Сышліся — жылі. Як ужо ў каго атрымлівалася, а жылі, трывалі. Але я думаю, што каб добра жыць, трэба крэпка падумаць, ці ўяўляеш ты сабе жыццё з чалавекам праз гады. Не тое што панаравіў чалавека, выскачыў — а тады не жывецца.
Выходзіць замуж трэба калі любіш. А во як любіш і пабраліся шлюбам — трэба ўмець дараваць".
Sputnik шчыра дзякуе за слушныя парады дыяментавым юбілярам і жадае здароўя і моцы сямейнай пары.
На слайдах — кадры з вясновай Мёршчыны па дарозе да сядзібы ў Сташулях, дзе жывуць спадарыня Францішка і спадар Ясь.