МІНСК, 25 мая — Sputnik. Кіроўцы ў сувязі з правядзеннем у Беларусі з 25 мая па 5 чэрвеня комплекснага мерапрыемства "Увага — дзеці!" абавязаны рухацца з запаленым бліжнім святлом фар, паведамляе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Асноўная задача мерапрыемства — прафілактыка дзіцячага траўматызму на дарогах, а таксама тлумачэнне юным удзельнікам дарожнага руху правілаў бяспечных паводзінаў на дарогах. Акрамя гэтага акцыя закліканая прыцягнуць увагу вадзіцеляў, бацькоў і педагогаў да праблемы дзіцячага траўматызму.
Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што згодна з пунктам 166.9 ПДР у перыяд правядзення рэспубліканскіх спецыяльных комплексных мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі руху кіроўцы абавязаны рухацца днём з запаленымі фарамі бліжняга святла або дзённымі хадавымі агнямі.
За парушэнне гэтага пункта, як адзначылі ў ДАІ, кіроўца можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да дзвюх базавых велічынь.