За чатыры дні на фасадзе аднаго з дамоў па вуліцы Рабкораўскай з'явіўся новы мурал — іспанскі мастак Deih, запрошаны ў Мінск у рамках праекта Urban Myths, стварыў на сцяне паганскага бога сонца.
Праўда, Ярыла атрымаўся рашуча не кананічны — ён хоць і спавіты стужкай з беларускімі сімваламі сонца, але ад яго вее хутчэй іншапланетнасцю, а не паганствам.
Мінчане разышліся ў меркаваннях — не ўсё адразу распазналі ідэю мастака, нехта ўбачыў у персанажа мурала баскетбаліста, хтосці касманаўта. Гараджане агучвалі самыя розныя версіі.
Мурал — фрэска, роспіс на сцяне. Слова з'явілася ў сучасным лексіконе адносна нядаўна — ім сталі называць маляўнічыя графіці, якімі стрыт-арт-мастакі распісваюць будынкi.