МІНСК, 26 мая — Sputnik. Гродзенскі заапарк размясціў на сваім сайце аб'яву аб продажы лісянята — набыць жывёлу можна за 1,5 мільёны рублёў, але ў заапарку папярэджваюць: прададуць такога незвычайнага хатняга ўлюбёнца не кожнаму.
Абвестка з'явілася на сайце заапарка ў чацвер: на продаж выстаўлены трое лісянят.
"Жывёлы нарадзіліся сёлета. У нас няма магчымасці ўтрымліваць занадта шмат ліс, таму лісяняты і прадаюцца", — сказалі Sputnik у заапарку. Там таксама адзначылі, лісы — не экзатычныя жывёлы, таму мяняцца з іншымі заапаркамі няма магчымасці, у кожным з іх ёсць пара, або нават некалькі.
Суразмоўцы Sputnik таксама распавялі, што прададуць лісяня не абы-каму.
"Да ўтрымання дзікіх жывёл прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні: напрыклад, мы не будзем нават разглядаць варыянт продажу лісы чалавеку для ўтрымання ў кватэры", — падкрэслілі ў заапарку.
Паводле словаў спецыялістаў, набыць лісяня зможа грамадзянін, у якога для жывёлы будуць створаны пэўныя ўмовы — на тэрыторыі прыватнага домаўладання павінен стаяць вальер са спецыяльным домікам.
"Усё не так проста, як здаецца — прыйшоў і купіў. Ліса — дзікая жывёла, са сваімі звычкамі. Зноў жа, у яе спецыфічны пах, не кожнаму падабаецца", — сказалі ў заапарку.
На пытанне, ці складана ўтрымліваць лісу, заолагі адзначылі, што карміць яе будзе не танна.
"Рацыён лісы ў нашым заапарку — ялавічына, курыца, рыба, гародніна. Ніякіх сухіх кармоў і кансерваў", — сказалі суразмоўцы Sputnik.
Акрамя таго, лісяняці давядзецца зрабіць шэраг прышчэпак, сярод якіх абавязковая — ад шаленства, паколькі лісы ў большай ступені, чым астатнія жывёлы, схільныя да яго.
У заапарку таксама ўдакладнілі, што спецыялісты-ветэрынары не губляюць кантактаў з уладальнікамі ліс.
"Мы стараемся па магчымасці звязвацца з людзьмі, якія набылі ў нас лісянят. Даваць парады па догляду, кармленню, бо памылкі гаспадароў жывёл могуць прывесці да сумных наступстваў", — сказалі спецыялісты.
У заапарку таксама распавялі, што і самі людзі, якія ўжо завялі лісу, часцяком звяртаюцца да гродзенскіх заолагаў, прычым часцей за ўсё з нагоды захворванняў.