МІНСК, 26 мая — Sputnik. Спрэчкі разгарэліся ў Германіі пасля таго, як вытворца малочнага шакаладу Kinder вырашыў размясціць на ўпакоўках дзіцячыя фатаграфіі футбалістаў розных нацыянальнасцяў, паведамляе тэлеканал Euronews.
Італьянская кампанія Ferrero ў гонар Еўра-2016, які стартуе ў Францыі 10 чэрвеня, часова замяніла звыклы малюнак блакітнавокага хлопчыка-бландына на ўпакоўках шакаладу, што прадаецца ў ФРГ. Цяпер на шакаладцы можна ўбачыць, напрыклад, фатаздымкі футбалістаў Жэрома Боатэнга — сына імігранта з Ганы, ці Ілкая Гюндагана, які мае турэцкае паходжанне.
Такое рашэнне выклікала крытыку некаторых інтэрнэт-карыстальнікаў. "Яны сапраўды прадаюцца ў такім выглядзе? Ці гэта жарт?" — Гаворыцца ў паведамленні на старонцы ў сацсетцы Facebook, якая нібыта належыць антыісламскаму руху Pegida, ад якой пазней сама арганізацыя адмовілася. "У гэтай камандзе (зборнай Германіі) больш няма нічога нацыянальнага", — працягнулі абмеркаванне іншыя. "З сённяшняга дня я больш не ем шакалад Kinder", — прыводзіць яшчэ адзін каментар нямецкае выданне Stern.
Між тым многія карыстальнікі, наадварот, вырашылі выказаць падтрымку кампаніі Kinder. Яны запусцілі спецыяльны хэштэг #cutesolidarity ("мілая салідарнасць") і загружаюць свае дзіцячыя фатаздымкі ў мікраблог Twitter.
"Нацыянальная зборная Германіі з'яўляецца адным з лепшых прыкладаў паспяховай інтэграцыі, мільёны людзей у краіне ганарацца гэтай камандай, таму што яна такая, якая яна ёсць", — заявіў прэзідэнт Нямецкага футбольнага саюза Райнхард Грындель.