МІНСК, 27 мая — Sputnik. Фестываль ландшафтнага дызайну "Садовы перапалох" пройдзе ў суботу і нядзелю на тэрыторыі гадавальніка "Чырвоны клён" пад Мінскам.
У гасцей выставы будзе магчымасць убачыць у тым ліку і гатовыя рашэнні — у рамках фестывалю адбудзецца конкурс сярод дызайнераў, якія прадставяць сваё бачанне таго, якім павінен быць адпачынак на адкрытым паветры. Сем каманд створаць і пакажуць свае міні-сады, у якіх могуць быць улічаныя самыя розныя патрэбы. Нехта пры дапамозе дэкаратыўных раслін і архітэктурных формаў убудуе ў прастору зону адзіноты, хтосьці — дзіцячы куток, хтосці — СПА-зону.
Арганізатары перакананыя, што "Садовы перапалох" — выдатнае месца для баўлення часу ўсёй сям'ёй. Можна атрымліваць асалоду ад прыгажосці, скакаць на батуце, гойдацца ў гамаках, смачна перакусіць і, галоўнае, вызначыцца з садам мары.
У праграме фестывалю карысныя лекцыі па садоўніцтве, стасункі са спецыялістамі па азеляненні і прыемныя кошты на шэраг тавараў і паслуг.
"У дні фестывалю ўсе прадпрыемствы рыхтуюць для гасцей не толькі пашыраны асартымент, але і асаблівыя дагаворныя ўмовы, дадатковыя прапановы, а таксама прыемныя скідкі", — падкрэслілі арганізатары.
Падчас "Садовага перапалоху" таксама адбудзецца ўшанаванне тых, хто істотна дапамог валанцёрам Беларускага дзіцячага хоспіса, пералічыў грошы на добраўпарадкаванне і азеляненне хоспіса ў пасёлку Вопытны. Грошы збіралі ў межах сацыяльнага праекта "Звычайны цуд", таму дабрачынцаў вырашана заахвоціць своеасаблівымі чароўнымі палачкамі — дызайнерскімі працамі з метала, шкла і пластыка.