Інтэрнэт-бізнес і заканадаўства: замінае або дапамагае?

© PexelsПраца за камп'ютэрам
Праца за камп'ютэрам - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Бізнесмены і прадстаўнікі ўлады спрабавалі разабрацца, ці лёгка інтэрнэт-крамам працаваць па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, што рабіць з рэкламнымі гульнямі ў сацыяльных сетках і як спраўляцца з патрабаваннямі Гандлёвага рэестра.

Алена Альшанская, Sputnik.

Шэраг нормаў заканадаўства, якія рэгулююць працу інтэрнэт-крам, пачаў дзейнічаць з пачатку года ў Беларусі. У прыватнасці, уладальнікі такіх пляцовак пазбавіліся права прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання (ССП), а разам з імі магчымасць працаваць па ССП страцілі і самі сайты.

Прадстаўнікі электроннай камерцыі і спецыялісты МПЗ на Форуме па кіраванню інтэрнэт-бізнэсам, які адбыўся ў Мінску, паспрабавалі разабрацца ў існуючых праблемах.

Інтэрнэт-крамы і ССП

Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання" ўступіў у сілу з 1 студзеня 2016 года. Ён прывёў да таго, што ўладальнікі інтэрнэт-крам пазбавіліся магчымасці працаваць па ССП.

Аднак нечаканасцю для многіх стала тое, што пад дзеянне гэтай нормы патрапілі таксама ўладальнікі вэб-студый, якія займаюцца стварэннем інтэрнэт-крам, і нават сайты выдавецтваў. Першым стала больш складана так скласці сваё партфоліо, а другім публікаваць, скажам, аўтарскія артыкулы і іншыя матэрыялы, каб не пазбавіцца права на ССП.

"Яшчэ з уступленнем у сілу змяненняў было складана разабрацца, ці з'яўляецца само па сабе наяўнасць на сайце рэкламных блокаў, напрыклад Яндэкс.Дырэкт або Google AdSense, падставай, згодна якой уладальніку сайта давядзецца адмовіцца ад ССП", — паведамілі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, які стаў адным з удзельнікаў Форуму.

Між тым, з пункту гледжання МПЗ, не важна, з дапамогай чаго на сайце размяшчаецца інфармацыя, якая змяшчае звесткі пра інтэрнэт-краму (даменнае імя або прамую спасылку на яго).

"Асноватворным з'яўляецца наяўнасць альбо адсутнасць інфармацыі на сайце. Калі яна ёсць, то ССП не ўжываецца. Калі такая інфармацыя адсутнічае — ужываецца ССП", — прывялі ў Цэнтры меркаванне галоўнага дзяржаўнага падатковага інспектара аддзела спецыяльных рэжымаў падаткаабкладання галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый МПЗ Таццяны Лапо.

Гэта значыць, па сутнасці, сама па сабе наяўнасць інструмента для рэкламы інтэрнэт-крамы не з'яўляецца дастатковай падставай пераходу на агульны парадак вылічэння падаткаў — і гэта добра, лічаць у НЦПІ. Пры гэтым, на думку правазнаўцаў, неабходнасць блакаваць некаторых рэкламадаўцаў стане пэўнай перашкодай вядзення бізнэсу і пазбавіць долі заробку ўладальнікаў сайтаў.

Што тычыцца вэб-студый, то ім прапануецца так напаўняць сваё партфоліо, каб пазбегнуць прамога згадвання даменнага імя інтэрнэт-крамы або спасылкі на яго. Само сабой, у корані праблемы гэта не вырашае. Магчыма, некаторыя з прынятых новым законам змяненняў яшчэ трэба будзе ўдакладніць у будучыні.

Што рабіць і як быць?

Між тым, многія ўдзельнікі інтэрнэт-бізнесу не адразу ўсвядомілі, што цяпер ім давядзецца працаваць па агульнаму парадку падаткаабкладання.

У гэтым выпадку МПЗ рэкамендуе:

  • самастойна падаць удакладнёную дэкларацыю па спрошчанай сістэме, пры гэтым у якасці падатковай базы па спрошчанай сістэме ўказаць 0;
  • падаць дэкларацыі па падатку на прыбытак і падатак на дабаўлены кошт (у іх выплату будуць залічаны сумы падаткаў, ужо выплачаных па спрошчанай сістэме);
  • выплаціць пені, паколькі тэрміны прадастаўлення дэкларацыі па падатку на прыбытак і ПДК парушаныя.

Інтэрнэт-крамы і Гандлёвы рэестр

Змяненне ў падатковым заканадаўстве прывяло да таго, што ўладальнікі інтэрнэт-пляцовак, зарэгістраваных у Гандлёвым рэестры, пазбавіліся права прымяняць ССП нават у тым выпадку, калі фактычна гандлем яны не займаюцца, лічыць беларускі адвакат Таццяна Ігнатоўская. Яе думкі прыводзіць НЦПІ. Пры гэтым уключэнне ў Гандлёвы рэестр альбо выключэнне з яго — кропкі, на якія звяртае ўвагу МПЗ, калі гаворыць пра тое, можна ці нельга працаваць па ССП.

"Здавалася б, усё проста: гандлюеш праз інтэрнэт-краму — рэгіструешся ў Гандлёвым рэестры і плаціш падаткі па заведзеным парадку. Не гандлюеш — падаеш заяўку на выхад з рэестра і зноў карыстаешся спрошчанай сістэмай. Але ці так проста гэта на справе, як на паперы? Ці не стварае дадатковую нагрузку зваротаў за рэгістрацыяй у Гандлёвым рэестры (выключэннем з яго) на Мінгандлю", — задаецца пытаннем адвакат.

Напрыклад, інтэрнэт-крама, якая гандлюе сезоннымі таварамі, дзеля захавання права на ССП ў мёртвы сезон, будзе абавязана выйсці з Гандлёвага рэестра і потым зноў у ім зарэгістравацца. "Гучыць некалькі абсурдна. Чаму б не перакласці адказнасць на суб'ект. Прадаеш праз інтэрнэт-краму — не ўжываеш спрошчаную сістэму", — лічыць Ігнатоўская.

Аднак МПЗ гэтую ідэю не падтрымлівае і ўносіць карэкціроўкі ў падатковае заканадаўства не плануе. У міністэрстве падкрэсліваюць: прадпрымальнікі часта хаваюць сваю выручку і не паказваюць рэалізацыю, што не дазваляе падатковым органам з пэўнасцю заключыць, ці ажыццяўляла фірма гаспадарчую дзейнасць.

Рэкламная гульня — не жартоўная праблема беларускага бізнесу

Яшчэ адзін "галаўны боль" беларускага інтэрнэт-бізнэсу — адсутнасць законнага спосабу правесці рэкламныя гульні ў соцсетях, то бок розыгрышы прызоў і падарункаў за "лайкі" і "рэпост".

Але паводле беларускага заканадаўства, усялякая рэкламная гульня павінна быць зарэгістраваная ў Мінгандлі. Акрамя таго, закон забараняе рэгістраваць гульні, якія праводзяцца на пабочным рэсурсе.

Для даведкі: Мінгандаль за 2015 год і мінулы перыяд гэтага года за незаконныя рэкламныя гульні склаў 28 пратакола і сабраў штрафаў на суму больш за 76 мільёнаў рублёў.

Рэкламадаўцы хочуць выкарыстоўваць гэты інструмент, але не могуць. І, здаецца, Мінгандлю гатова іх пачуць, адзначаюць у НЦПІ.

"Калі бізнэсу гэта трэба, ёсць такая патрэба, магчыма, будуць нейкія ініцыятывы і могуць быць унесены змены ў заканадаўства", — прыводзіць Цэнтр словы начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Віялеты Беразоўскай.

Інтэрнэт-бізнесу трэба зразумець: сацыяльная сетка не можа быць задзейнічана ў механіцы рэкламнай гульні, але можа служыць пляцоўкай для рэкламы розыгрышу.

"Калі вы як уладальнік сайта размяшчаеце на ім усю інфармацыю аб розыгрышы, усе неабходныя для атрымання прыза дзеяннi ажыццяўляюцца праз ваш сайт зарэгістраванымі на ім карыстальнікамі, то прадубляваць ўсю тую ж інфармацыю пра гульню на сваёй старонцы ў сацсетцы не забаронена", — адзначылі у НЦПІ.

Прывілеі ў выглядзе скідак, падарункаў і гэтак далей трэба прадастаўляць ўсім карыстальнікам сайта, гэта будзе называцца рэкламнай акцыяй, рэгістраваць якую ў Мінгандлю не трэба.

"Адпаведна можна паступіць і на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Скажам, усім удзельнікам акцыі дзеля атрымання аднолькавага падарунка ці зніжкі трэба далучыцца да вашай старонкі, "расшарыць", "лайкнуть" нейкае паведамленне — такая акцыя не парушыць закон", — адзначылі у цэнтры.

Стужка навiн
0