"РасЧытаем любога!": папулярныя праекты ў падтрымку чытання

Падпісацца
У Беларусі набіраюць папулярнасць праекты ў падтрымку чытання, папяровыя кнігі гуртуюць вакол сябе кнігалюбаў і ствараюць свае сусветы.

МІНСК, 30 мая — Sputnik. Цікавасць да кнігі і чытання пакрысе аднаўляецца ў сучасным грамадстве. Разнастайныя новыя ініцыятывы і праекты ў падтрымку чытання усталёўваюцца і дзейнічаюць у Беларусі. Sputnik пачынае знаёміць з самымі яскравымі праектамі ў падтрымку чытання.

РасЧытаем любога!

"ЗаЧтение" — цыкл нестандартных акцый і курсаў, накіраваных на папулярызацыю якаснай сучаснай літаратуры, як дзіцячай, так і дарослай.

"Мы пачалі дзейнасць два гады таму, у Навуковай бібліятэцы БНТУ з выставы-акцыі hand-made герояў па матывах сучасных кніг "Улыбчивые чуда". За гэтыя два гады наш праект займеў шмат сяброў, розных напрамкаў дзейнасці, а тую выставу, з якой усё пачыналася, мы выгадавалі да Першага гарадскога кніжнага фестывалю ў Беларусі", — расказала Sputnik Вольга Вовк, адна з заснавальніц праекта і "бібліяфеечка", як ласкава заве чытацкая супольнасць Мінска энтузіястаў-бібліятэкарак.

"Цяпер нас чацвёра — Вольга Вовк і Вікторыя Хоміч, бібліятэкары са стажам і энтузіязмам, Наталля Мядзведзь — аўтар і гаспадыня блога "Маленькі чытач" і Юлія Кучынская — педагог і мастак. Усе мы шчыра закаханыя ў кнігі і верым, што "расчытаць" можна абсалютна любое дзіця.

Мы стараемся падрабязна апісваць свой вопыт і дзяліцца сваімі ўдалымі знаходкамі ў галіне прыцягнення да чытання на нашым сайце.

© Photo : прадстаўлена праектам "ЗаЧтение"На фестывалі "Горад і Кнігі" , выступае праект казачкі.бай
На фестывалі Горад і Кнігі , выступае праект казачкі.бай - Sputnik Беларусь
На фестывалі "Горад і Кнігі" , выступае праект казачкі.бай

Адной з самых авантурных нашых ідэй было правядзенне вялікага гарадскога Кніжнага фестывалю. У Расіі іх штогод праводзіцца больш за 50. А ў нас — ні аднаго! З гэтай ідэяй мы прыйшлі ў Беларускую бібліятэчную асацыяцыю (ББА, прафесійная супольнасць бібліятэкараў) — і атрымалі сур'ёзную падтрымку!

І вось фестываль "Горад і Кнігі" ужо другі год ладзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (арганізатары — ББА, Навуковая бібліятэка БНТУ, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і "ЗаЧтение"). У 2016 годзе Фестываль наведала больш за 5 тысяч чалавек. Адначасова працавалі 5 тэматычных пляцовак, на якіх прайшло 50 літаратурных івэнтаў. Фестываль абсалютна безбюджетны, зроблены сіламі валанцёраў — аматараў чытання. Таму мы дакладна ведаем, што Мінск — горад, які чытае!"

Самы складаны наш праект — гэта праект "Тактыльныя кнігі", пра які Sputnik ужо пісаў. Мы ствараем тактыльныя копіі сучасных дзіцячых кніг і праводзім паводле іх інклюзіўныя чытанні. Нам даводзіцца шмат вучыцца ў працэсе, часта перарабляем ужо зробленае, спрабуючы знайсці аптымальны баланс паміж захаваннем падабенства з папяровай кнігай і правіламі вырабу тактыльнай.

Вельмі нам спадабалася сустрэча для "чытачоў-выпрабавальнікаў", якую мы арганізавалі разам з арт-студыяй "Казка". Маленькія бэта-рыдэры слухалі толькі-толькі напісаную, яшчэ не адпраўленую ў выдавецтва казку Алены Масла "Мяне завуць Лахнэска". І давалі парады аўтару! А мамы запоўнілі падрабязныя анкеты. Па-мойму, шыкоўная ідэя па прыцягненню да чытання.

"РасЧытаць любога" (дыстанцыйнае чытанне), "Кнігі сваімі рукамі", "Экскурсіі па кнігах", "Таксама людзі" (складаныя кнігі для падлеткаў), "Казкі пра прафесіі" — гэта далёка не поўны спіс напрамкаў нашай дзейнасці.

На дадзены момант мы занятыя стварэннем віртуальнай галерэі hand-made герояў паводле матываў сучасных кніг "Улыбчивые чуда" каб любавацца на іх не раз на год, на выставе, а па меры таго, як узнікае жаданне", – паведаміла Вольга Вовк.

Да новай рэчаіснасці — з феяй Усмешка

"Штораз, калі мы разгортваем кнігу, нас сустракае бясконцы россып простых літар, якія павольна складаюцца ў захапляльныя ландшафты прыгод і дзіўных падзей. Па іх ручаям і рэкам разліваюцца нашы пачуцці і мы, паддаючыся чароўнай плыні словаў, заскокваем на хаду ў свой, заўсёды гатова ды прыгодаў, караблік, ды нясемся пад белымі ветразямі на хвалях пачуццяў удалячынь", — вось так паэтычна пачаў развагі аб праекце "Альтанка для чытанкі" адзін з яго стваральнікаў Віталь Саболька. Наўрад ці можа ён гаварыць інакш, бо сам жа — са світы чароўнай феі Усмешкі!

© Photo : прадстаўлена "Альтанкай для чытанкі"Удзельнікі ініцыятывы "Альтанка для чытанкі"
Удзельнікі ініцыятывы Альтанка для чытанкі - Sputnik Беларусь
Удзельнікі ініцыятывы "Альтанка для чытанкі"

Фея Усмешка (яна ж удзельнік ініцыятывы Таццяна Крыцкая) — візітоўка і пяшчотна-усмешлівы твар сацыяльна-адукацыйнага праекта "Альтанка для чытанкі", створанага з мэтай папулярызацыі беларускай мовы ў дзіцячым асяродку і дзеля эмацыйна-псіхалагічнай падтрымкі дзяцей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Удзельнікі ініцыятывы лічаць, што менавіта працуючы ў праекце на беларускай мове — пяшчотнай, мілагучнай — яны могуць найлепшы чынам перадаць дзецям тое добрае, што ёсць у дзіцячых кнігах і ў іх ўласных Сэрцах.

"Альтанка для чытанкі" наведвае дзяцей у дзіцячым анкалагічным цэнтры ды ў іншых медустановах, прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія ладзяцца для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасцю — амаль 40 выступаў "Альтанкі" былі зладжаны для гэдкіх дзетак.

© Photo : прадстаўлена "Альтанкай для чытанкі""Альтанка" ў анкацэнтры
Альтанка ў анкацэнтры - Sputnik Беларусь
"Альтанка" ў анкацэнтры

Усе праграма "Альтанкі для чытанкі" інтэрактыўныя. Маленькія слухачы разам з героямі казак становяцца непасрэднымі ўдзельнікамі захапляльных гісторый, танчаць, спяваюць, малююць альбо вучацца майстраваць аднаго з казачных герояў.

 

 

А каб казка ў дзіцячым жыцці жыла як мага даўжэй, напрыканцы мерапрыемтсва дзеці атрымліваюць у падарунак вельмі прыгожую беларускую дзіцячую кнігу або часопіс. Больш за 200 кніг і часопісаў было падорана "Альтанкай для чытанкі" маленькім удзельнікам казачных мерапрыемстваў.

"Альтанка" не аднойчы брала ўдзел ў  маштабных культурных падзеях: кніжным фестывалі "Горад і кнігі" і "Горад і кнігі. Навука " у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі; у фестывалі "Каласы пад сярпом тваім", які праходзіў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, на вялікім свяце казкі "Казачны джэм". На нашы мерапрыемствы прыходзяць пісьменнікі, знаёмяцца з дзецьмі. Адна з незабыўных сустрэч — з аўтаркай кнігі казак "Сумны суп" Вольгай Гапеевай.

Пісьменнікі на старонках кніг з простых літар ствараюць вялікія сусветы і абуджаюць плыні разнастайных пачуццяў. "Альтанка для чытанкі" з радасцю падхоплівае найлепшыя і дорыць іх маленькім жыхарам нашай планеты, каб кожны з іх меў пры сабе той кавалачак казачнага шчасця, з якога, як з маленечкага зярнятка, вырасце новая прыгожая рэчаіснасць —  Сапраўдная і па-казачнаму Шчаслівая", — ад імя ўсіх удзельнікаў праекта падзяліўся Віталь Саболька.

 "Сундучок" з кніжнымі таямніцамі

"У межах літаратурнага дзіцячага клуба "Сундучок" мы праводзім "Кніжныя сустрэчы" для дзяцей і іх бацькоў, на якіх гаворым пра тое, якія яны, сучасныя дзіцячыя кнігі, хто іх піша, ілюструе і выдае, каму яны адрасаваныя, як у іх арыентавацца, каб не згубіцца", — распавядае кіраўнік праекта Таццяна Пузырэвіч.

Сустрэчы адбываюцца ў розных фарматах. Перш за ўсё мы праводзім тэматычныя сустрэчы для юных чытачоў і іх бацькоў, на якіх абмяркоўваем кнігі ў межах пэўнай заяўленай праблематыкі (напрыклад, "Кнігі для малых ва ўзросце да 3-х гадоў", "Навагоднія кнігі"," Кнігі пра страхі" і інш.).

Арганізоўваем сустрэчы з пісьменнікамі, на якіх чытачы маюць магчымасць пагутарыць з самымі таленавітымі сучаснымі аўтарамі. Мы прыдумляем сустрэчы, на якіх кнігі "ажываюць". Падчас іх праводзім інтэрактыўныя дзіцячыя чытанні, а яшчэ прэзентуем тэатральныя і музычныя прадстаўлення, спецыяльна створаныя па матывах сучасных дзіцячых кніг.

Новым напрамкам работы літаратурнага дзіцячага клуба "Сундучок" сталі тэматычныя кніжныя сустрэчы, на якіх мы не проста распавядаем пра якую-небудзь кнігу, а паказваем, які ўплыў яна аказала на культуру, хто яе ілюстраваў, якія фільмы, балеты, тэатральныя пастаноўкі ствараліся паводле яе, якія музычныя творы былі напісаныя па яе матывах. Мы запрашаем на такія сустрэчы прафесійныя музычныя і танцавальныя калектывы, арганізоўваем майстар-класы вядомых мастакоў і рамеснікаў.

Сутнасць яшчэ аднаго нашага праекта — "Падвешаная кніга" — палягае ў тым, што мы даем магчымасць любому жадаючаму купіць кнігу і падарыць яе таму, каму яна вельмі патрэбна — дзецям, якія праходзяць лячэнне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Міністэрства Аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у Бараўлянах.

© Photo : прадстаўлена праектам "Сундучок детских книг"Таццяна Пузырэвіч з Уладзімірам Пугачом падчас літаратурнай сустрэчы
Таццяна Пузырэвіч з Уладзімірам Пугачом падчас літаратурнай сустрэчы - Sputnik Беларусь
Таццяна Пузырэвіч з Уладзімірам Пугачом падчас літаратурнай сустрэчы

Мы таксама збіраем і перадаем кнігі для дзяцей. Падарункі можна набыць у нас альбо прынесці да нас у офіс кнігі, нататнікі, часопісы, альбомы, фарбы, цацкі ды любыя іншыя рэчы. Мы, у сваю чаргу, рэгулярна адвозім усе рэчы ў Цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. На сродкі, атрыманыя ад продажу кніг у межах акцыі "Падвешаная кніга" у нашай краме мы таксама набудзем падарункі, неабходныя нашым адрасатам.

Маем мы і дабрачынны праекта "Чалавек Чытае", падчас мерапрыемстваў якога ладзім сустрэчы з вядомымі творчымі людзьмі — тымі, каго дакладна можна назваць Чалавекам з вялікай літары. У госці да нас прыходзяць яскравыя асобы з кагорты людзей, якія рэалізуюць сябе ў любімай справе — журналістыцы, літаратуры, музыцы, спорце, мастацтве, навуцы.

Асноўная тэма кожнай сустрэчы любога нашага праекта — кнігі і чытанне. Фармат сустрэчы — адкрыты дыялог. На пачатку кожнай мы прапануем госцю прачытаць фрагмент тэкста на яго выбар.

У сваіх гутарках мы адштурхоўваемся ад літаратуры. А літаратура выводзіць на жыццёвыя тэмы, дае пасыл і стварае магчымасць гутарыць на разнастайныя злабадзённыя тэмы.

© Photo : прадстаўлена праектам "Сундучок детских книг"Тамара Лісіцкая ў "Сундучке"
Тамара Лісіцкая ў Сундучке - Sputnik Беларусь
Тамара Лісіцкая ў "Сундучке"

Кожную сустрэчу з новым Госцем мы праводзім у розных атмасферных інтэлектуальных месцах Мінска. На сустрэчы запрашаюцца ўсе жадаючыя. Сродкі, якія збіраюцца ў падчас гэтых сустрэч, пералічваюцца на дабрачынны рахунак фонду дапамогі дзецям "Шанц", — падзялілася Таццяна Пузырэвіч.

Стужка навiн
0