МІНСК, 30 мая — Sputnik. Для адзінага выпускнога класа гімназіі №23 з беларускай мовай навучання адзвінеў апошні званок, перадае карэспандэнт Sputnik.
"Тут мы сябравалі, дапамагалі адзін аднаму, пераадольвалі складанасці. Сёння мы гаворым вялікі дзякуй настаўнікам і абяцаем, што вам ніколі не будзе за нас сорамна", — сказалі ў прывітальным слове выпускнікі гімназіі.
Бацькі запэўнілі, што за адзінаццаць гадоў ні разу не ўсумніліся ў правільнасці выбару школы. Добрыя словы выпускнікамі, школьнікамі і настаўнікамі, бацькамі прамаўляліся па-беларуску, а стужкі на выпускніках былі ўпрыгожаны нацыянальным беларускім арнаментам.
Лінейка прайшла прама на праспекце Незалежнасці, так што хоць сама школа і нешматлікая, паглядзець на свята прыйшлі і выпадковыя мінакі. Многія выглядалі з суседніх дамоў і крамаў.
У Мінску ўсяго шэсць школ, у якіх навучанне вядзецца на беларускай мове. Гімназія №23 — адна з іх, выпускныя стужкі ў вучняў не ў першы раз ўпрыгожаны вытанчаным беларускім арнаментам.