МІНСК, 31 мая — Sputnik. Усе, хто хоча навучыцца хадзіць на хадулях, пазнаць сакрэты інтэрактыўнага тэатра, перастаць саромецца і раскрыць у сабе акцёра, могуць прыходзіць па суботах у дворык Карэтнага музея ў Мінску. Адукацыйны праект пачне сваю працу ў суботу, 4 чэрвеня.
"На працягу ўсяго лета па суботах у Верхнім горадзе, у двары Карэтнага музея (вул. Кірыла і Мяфодзія, 8Б) пад адкрытым небам будуць праходзіць бясплатныя майстар-класы ад прадстаўнікоў лепшых вулічных тэатраў Беларусі. Яны прыадчыняць заслону таямніцы і раскрыюць сакрэты інтэрактыўнага тэатра, навучаць хадзіць на хадулях, дапамогуць развіць пластыку і раскажуць шмат новага і цікавага ", — паведамілі арганізатары.
За раскладам майстар-класаў можна сачыць у групе Вконтакте і на сайце Мінскага форуму вулічных тэатраў.
Усе заняткі ў летняй школе будуць праходзіць цалкам бясплатна. Арганізатары школы просяць прыходзіць у зручнай вопратцы і не забыцца захапіць з сабой добры настрой.