Ганна Няфёдава, Sputnik
Медыкі напярэдадні сезона летніх адпачынкаў заклікалі беларусаў памятаць, што няправільны загар не толькі сапсуе скуру, але можа прывесці да цяжкіх захворванняў.
"Тым, хто выправіцца на летні адпачынак у гарачыя краіны, варта памятаць, што паўднёвае актыўнае сонца можа стаць стрэсам для арганізма. Найбольш распаўсюджаныя наступствы няправильнага загару — гэта сонечны ўдар, апёк скуры, вострыя рэспіраторныя захворванні, сардэчны прыступ", — паведамілі Sputnik ў аўторак у медыцынскім ведамстве краіны.
Паводле слоў медыкаў, рэзкая змена клімату, празмернае знаходжанне пад пякучым паўднёвым сонцам могуць знізіць імунітэт.
Загарэлыя, але хворыя
"Таму медыкі часта сутыкаюцца з так званым пасляадпачынкавым сіндром, калі летам у чаргах да дактароў сядзяць загарэлыя, але хворыя людзі", — распавялі суразмоўцы агенцтва.
Стрэс ад паўднёвага сонца прыводзіць да зніжэння імунітэту, а адпаведна "вылазяць вонкі старыя болькі, з'яўляюцца новыя", падкрэслілі медыкі.
Яны таксама заклікалі разумна ставіцца да выкарыстання кандыцыянера ў гатэлях.
"Ні для каго не сакрэт, што часта адпачынак ператвараецца ў 2-тыднёвае лячэнне ВРІ. Чалавек некалькі гадзін знаходзіцца пад пякучым сонцам, прыходзіць у нумар з кандыцыянерам, і калі ласка — рэспіраторнае захворванне", — сказалі суразмоўцы агенцтва.
Тыпы скуры беларусаў
Нягледзячы на тое, што ў гэтым сезоне ў некаторых экспертаў у галіне дэрматалогіі з'явіўся новы трэнд — сцверджанне, што ад ахоўных крэмаў няма карысці на моры, беларускія медыкі працягваюць раіць браць у адпачынак ахоўныя сродкі з SPF.
Паводле іх словаў, больш за 70 адсоткаў насельніцтва Беларусі мае тып скуры, якая хутка абгарае на сонца.
У людзей ёсць 6 фотатыпаў скуры — ад скандынаўскага да афрыканскага. Беларусы ў асноўным маюць два першыя тыпу скуры. "Гэта бледная, тонкая скура, руды колер валасоў, наяўнасць рабціння, блакітныя вочы. Другі тып — светласкуры еўрапейскі, амаль без рабціння", — распавялі медыкі.
Перанасімасць ультрафіялетавага выпраменьвання ў людзей з такімі фотатыпам скуры мінімальная, праз некалькі хвілін знаходжання пад прамымі сонечнымі прамянямі скура абгарае, а раўнамернага загару не атрымаецца, папярэдзілі спецыялісты.
Пры гэтым яны дадалі, што ёсць і "трэці тып скуры, які распаўсюджаны ў Беларусі — гэта скура, схільная да добрага загару, як правіла, цёмныя валасы і карыя вочы".
Анколагі б'юць трывогу
Медыкі сцвярджаюць, што захапленне салярыямі і рэгулярны загар на паўднёвых курортах маглі справакаваць рост колькасці захворванняў на рак скуры ў краіне. Паводле дадзеных анколагаў, за апошнія 10 гадоў захворванне на рак скуры ў Беларусі павялічылася больш чым у паўтара раза.
Касметолагі раяць
Дэрматолагі у сваю чаргу нагадалі, што ультрафіялетавыя прамяні прыводзяць да распаду калагена і эласціна — рэчываў, якія адказваюць за пругкасць скуры.
"У модзе — здароўе і прыгажосць, а не сапсаваная сонечнымі прамянямі скура", — адзначылі касметолагі. Яны таксама нагадалі, што рабіць пілінг за 2 —3 тыдні да паўднёвага адпачынку небяспечна.
Паводле іх словаў, знаходжанне пад сонечнымі прамянямі прыводзіць да фотастарэння. "Няправильны загар прывядзе да таго, што чалавек састарыцца значна раней, чым запраграмавана прыродай", — сказаў суразмоўца агенцтва.