МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў чэрвені чакаецца на 1 °С вышэй за кліматычную норму, будуць і дажджлівыя дні, але ў цэлым надвор'е будзе цёплым, паведаміў Sputnik начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
"Май пад канец песціў цёплымі і па-летняму гарачымі днямі, але ў чэрвені нярэдка прыходзяць прахалодныя, часам дажджлівыя дні. Засмучацца не варта, бо зацяжное хмарнае надвор'е не надоўга: чарговы сухі антыцыклон зноў прынясе цёплыя вятры, а сонца, якое высока стаіць у гэтую пару, забяспечыць цёплае і спякотнае надвор'е", — сказаў Рабаў.
Пры гэтым сіноптык падкрэсліў, што сярэдняя тэмпература паветра ў чэрвені чакаецца на 1 °С вышэй за норму (14-19 ° С — Sputnik).
Ён таксама ўдакладніў, што дажджоў будзе мала: месячная колькасць ападкаў на большай частцы краіны чакаецца менш за сярэднія шматгадовыя значэнні і толькі месцамі каля нормы (норма — 74-97 мм).
"У чэрвені ў сярэднім бывае ад 12 да 15 дзён з дажджом, але сёлета іх будзе менш", — паведаміў сіноптык.
Рабаў распавёў, што самым цёплым за ўвесь час метэаназіранняў быў чэрвень у 1999 годзе — тады сярэдняя тэмпература па рэспубліцы склала + 20,5ºС (на 4,3ºС вышэй за кліматычную норму), а абсалютны мінімум быў адзначаны на метэастанцыях "Орша" ў 1982 годзе і "Палеская" ў 2001 — 2,3ºС. Гарачэй за ўсё ў чэрвені было ў Беразіно ў 1964 годзе — + 35,6ºС.