МІНСК, 2 чэр — Sputnik. Легендарная беларуская спартсменка Кацярына Карстэн святкуе сёння свой дзень нараджэння.
Карстэн (дзявочае прозвішча Хадатовіч) нарадзілася 1972 годзе ў вёсцы Осечына (Крупскі раён Мінскай вобласці). Першы спартыўны поспех да яе прыйшоў у 1990 годзе, калі яна стала чэмпіёнкай свету па веславанні сярод юніёрак. Праз шэсць гадоў Карстэн выйграла "золата" Алімпіяды ў "адзіночцы".
За фенаменальную выніковасць на алімпійскіх стартах Карстэн празвалі Кацярынай "Вялікай". На яе рахунку пяць алімпійскіх медалёў, прывезеных з шасці Алімпіяд. Карстэн стала першай двухразовай чэмпіёнкай у гісторыі суверэннай Беларусі: на вышэйшую прыступку п'едэстала яна падымалася ў 1996 годзе ў Атланце і ў 2000 у Сіднэі. А першы алімпійскі медаль — хоць і бронзавы — яна прывезла з Барселоны ў 1992 годзе. Так што цяперашнія гульні стануць для Карстэн ужо сёмымі.
Цікава, што ў "залатую" адзіночку Кацярына села не адразу, першая спроба скончылася няўдачай, яна перавярнулася ў лодцы. Спартсменку пасадзілі ў "васьмёрку" набірацца вопыту. Дарэчы, першую алімпійскую "бронзу" яна ўзяла ў складзе "чацвёркі". На апошняй Алімпіядзе ў Лондане Карстэн засталася без медалёў, заняла пятае месца, хоць і была ў ліку фаварытаў. Прычына няўдалага выступу стала вядомай пазней — спартсменка выступала са зламаным рабром.
У канцы 90-х Кацярына выйшла замуж за нямецкага бізнэсмэна і пераехала жыць у Германію.
На нядаўняй алімпійскай кваліфікацыйнай рэгаце ў Люцэрне Каця заваявала права выступіць на Гульнях у Рыа.
Sputnik віншуе з днём нараджэння Кацярыну і жадае ёй моцнага здароўя і новых перамог!