Кастусь Перасветаў, Sputnik.
Мусульманская суполка Гомеля афіцыйна зарэгістравала свой новы будынак. У ім вернікі моляцца, выконваюць іншыя рэлігійныя абрады і праводзяць сходы.
Намаз на вуліцы генерала Карбышава
Аднак знайсці гомельскую мячэць, размешчаную на прамысловай ускраіне горада, аказалася не так проста. Мясцовыя мусульмане збіраюцца ў звонку нічым не прыкметным будынку.
Затое, апынуўшыся ўсярэдзіне, трапляеш у загадкавы свет Усходу: пярэстыя дываны, надпісы на арабскай мове, паліцы з кнігамі, на зялёных вокладках — мудрагеліста адбітае вязьмо. Яркая эстэтыка, магчыма, таксама з'яўляецца адным з атрыбутаў, што прывабліваюць сюды неафітаў.
Су
Унутры мячэці трэба было разуцца — так загадвае звычай. Сярод людзей, якія сабраліся тут на пятнічную малітву, большасць — усходняга выгляду, але сустрэліся і маладыя славянскія твары. Праўда, з адпушчанымі бародамі. Члены суполкі завуць адзін аднаго "братамі".
Мухамед, пуштун з Пакістану, у Гомелі жыве ўжо шмат гадоў, жанаты на беларусцы, мае дзяцей. Яго жонка — таксама мусульманка. Сам Мухамед ведае 65 кален сваіх продкаў.
Мухамед распавёў: "У Беларусі мне вельмі падабаецца. Праблемы з ксенафобіяй? Няма такіх. Часам маладыя людзі пачынаюць штосьці казаць, але потым паглядзяць у твар — просяць прабачэння і сыходзяць".
Яшчэ Мухамед сказаў, што ў гомельскай суполцы няма адрозненняў паміж сунітамі і шыітамі, усе мусульмане — браты. Якраз у гэты час да нас падышоў высокі мужчына з цёмнай бародкай. Ён шыіт, родам з Азербайджана.
Неўзабаве нас запрасілі прайсці ў малітоўную залу. Вернікі, здзейсніўшы абмыванне, сядаюць тварам на поўдзень — да Мекі. Муфтый Духоўнага кіравання мусульманаў Беларусі Алі Варановіч прачытаў хутбу, пятнічнае казанне. Яно было прысвечана памяркоўнасці і стрыманасці; паводле словаў шэйха Алі, гэтыя якасці з'яўляюцца аднымі з галоўных дабрачыннасцяў для сапраўднага мусульманіна. Скончылася казанне заклікамі да міру, у тым ліку ў Сірыі і Іраку, і пажаданнямі адзінства для ўсіх мусульманаў Беларусі.
Потым вернікі сталі для здзяйснення ўласна намазу — кананічнай малітвы. Намаз, што складаецца з услаўлення Алаха і сур Карана, чытаецца абавязкова на арабскай мове.
У сумеснай малітве могуць браць удзел і мусульманкі. Але для іх адведзена асобнае памяшканне, альбо яны павінны размясціцца за мужчынамі.
Жыццё масульманскай жанчыны рэгламентуецца строгімі правіламі
Ісламская суполка жыве традыцыямі пэўнага калектывізму і адкрытасці — паведамленні пра шлюбы публікуюцца ў газеце "Мусульманскі вястун" з указаннем узросту жаніха і нявесты. Тут жа паведамляецца і пра выдачу грошай у доўг, прычым такога роду пагадненні складаюцца ў мячэці.
Асабліва добрыя стасункі склаліся ў мусульманаў Беларусі з іх аднаверцамі з Расіі. Многія беларусы, напрыклад, вучацца ў Казанскім ісламскім універсітэце.
Іслам і глабалізацыя
Глабалізацыя і Інтэрнэт прыводзяць да таго, што заходняя культура трапляе ў мусульманскія краіны, а іслам — на Захад, пасля малітвы расказаў карэспандэнту Sputnik муфтый Беларусі Алі Варановіч.
"Чаму беларусы прыходзяць у іслам? Мае продкі-мусульмане, напрыклад, служылі ў Вялікім княстве Літоўскам яшчэ з XVI стагоддзя. У кожнага, які прымае іслам — свой шлях. Раней некаторыя дзяўчаты прымалі іслам для таго, каб выйсці замуж за замежніка. Цяпер нагод стала больш — і ўнутраная духоўная практыка, і суфійская містыка, і захапленне ўсходняй культурай", — падзяліўся шэйх Алі.
Муфтый Беларусі лічыць, што некаторыя СМІ фарміруюць негатыўны імідж ісламу, злучаючы яго з тэрарызмам. На яго думку, паўтара мільярда мусульманаў у свеце — гэта мірныя працаўнікі. Сярод іх могуць быць, вядома, экстрэмісты, але яны сустракаюцца і сярод прадстаўнікоў іншых рэлігій.
Радыкальныя прапаведнікі абіраюць у Каране асобныя выказванні і раздзімаюць іх, упэўнены муфтый. Ім "дапамагаюць" неадукаваныя рэлігіязнаўцы. Напрыклад, некаторыя з іх сцвярджаюць: "шостым" слупам ісламу з'яўляецца джыхад. Але іслам ведае толькі пяць слупоў! А джыхад азначае, перш за ўсё, духоўнае змаганне — з самім сабой і спакусамі. Іншыя маладыя людзі менавіта па гэтых скажоных уяўленнях і складаюць сваё ўяўленне пра мусульманскую рэлігію. Маладым максімалістам па іх складзе псіхікі падабаецца менавіта такая трактоўка ісламу.
"Да мяне прыходзілі такія маладыя людзі і казалі, што хочуць паехаць ваяваць. Я звычайна кажу ім: не трэба вам ваяваць, усё трэба вырашаць мірна. Але іншыя могуць сказаць — гэта няправільны імам, я пайду да іншага імама. Але ў Беларусі сярод афіцыйна зарэгістраваных структур няма экстрэмісцкіх прапаведнікаў. Самае ж небяспечнае — гэта калі іслам заганяюць у падполле", — расказаў шэйх Алі.
Але якімі б мірнымі не былі афіцыйныя настаўнікі суполкі, у Беларусь усё адно могуць накіравацца неадназначныя элементы. У глабальным перадзеле свету экстрэмісцкім структурам адводзіцца роля правакатараў напружанасці і хаосу. Пры гэтым, сярод радыкалаў нямала і этнічных славянаў — рускіх, украінцаў, ёсць і беларусы.
"Так, існуе сур'ёзная праблема неафітаў. Бо людзі, якія толькі што прынялі іслам, як збожжа ў чыстым полі. Хто яго пасее — тое і вырасце", — прызнаў муфтый.
Адкрыты іслам
Старшыня гомельскай суполкі Сяргей Саранчук з тых беларусаў, хто самастойна прыйшоў да ісламу. Карэнны гамяльчук, ён пачаў свае духоўныя пошукі яшчэ пасля службы ў Савецкім Войску. Кажа, што ў хрысціянстве ён не змог знайсці адказы на некаторыя пытанні. Іслам здаўся яму больш адкрытай рэлігіяй, дзе няма касты святароў, а вернік непасрэдна звяртаецца да Бога. Сяргей Саранчук, інжынер-будаўнік, лічыць, што нават з пункту гледжання матэматычнага аналізу ў ісламе няма заганаў — тут усё грунтуецца на строга паслядоўных прынцыпах.
Яшчэ іслам валодае развітай сацыяльнай дактрынай. Багацце — не самамэта для мусульманіна, а толькі сродак служэння. Паводле Карана, яно з'яўляецца сур'ёзным выпрабаваннем для чалавека. Старшыня гомельскай суполкі кажа, што іслам адмаўляе празмернасці; у час цяперашняга шалёнага спажывання гэта шмат значыць. Мусульманін можа імкнуцца да ўладання добрай машынай, але не дзеля прэстыжу і ганарыстасці, а з нагоды зручнасцi дзеля сям'і. Змяняць адзенне варта па меры таго, як яна знасілася, а не дзеля капрызаў моды. Абавязкам больш заможных мусульманаў з'яўляецца дапамога бедным чальцам суполкі.
Калі ў 2012 годзе жыхар Жлобіна, начытаўшыся заклікаў радыкальных прапаведнікаў у сетках, паспрабаваў падарваць будынак мясцовага РАУС, Варановіча і Саранчука прыцягнулі да следства ў якасці экспертаў. Гэтага чалавека яны, на жаль, не ведалі. Духоўныя лідары мяркуюць, што калі б у Жлобіне была легальная мусульманская суполка, такога сумнага інцыдэнту не адбылося б.
Каран — свяшчэнная кніга м
На думку Саранчука, беларускае грамадства не нагэтулькі талерантнае, як прынята лічыць. Часам і ўлады паводзяць сябе занадта прыдзірліва. Нядаўна ў суполцы міліцыя паспрабавала ўвесці пашпартны кантроль, мясцовыя мусульмане з гэтым не пагадзіліся. Вядома, дыскрымінацыя і прадузятае стаўленне — гэта дрэнна. Але і праблема ісламісцкага тэрарызму з парадку дня сёння таксама не знята.
Старшыня гомельскай суполкі мяркуе: "Там дзе ёсць іслам — няма тэрору. Тэрарызм ёсць там, дзе іслам заганяюць у падполле".
Ён сцвярджае, што рэлігійная прыналежнасць тэрарыста ўсплывае толькі тады, калі гаворка ідзе пра іслам.
На пятніцкім намазе прысутнічаў вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Мікалай Лысенка. На думку прадстаўніка гарадской улады, у цяперашні момант ніякіх парушэнняў за гомельскай арганізацыяй мусульманаў не выяўлена, яна дзейнічае легальна і адкрыта. Сёння паміж Гомельскім гарвыканкамам і афіцыйнымі прадстаўнікамі ісламскай суполкі наладжана канструктыўнае супрацоўніцтва.