Вера Дашкевіч, Sputnik
Трывогі беларусаў, якія хвалююцца за недастатковую запатрабаванасць і распаўсюджанасць беларускай мовы, зразумелыя. Ёсць тытульная нацыя і яе патрэба ідэнтыфікавацца, адчуць сваю асаблівасць праз уласную гісторыю, нацыянальныя сімвалы і атрыбуты, праз сваю мову.
Зразумела, што гэтая ідэнтыфікацыя ва ўмовах, калі пераважная большасць па інэрцыі размаўляе на рускай мове, ідзе не проста. Калі гэтага "не проста" становіцца занадта шмат, з'яўляецца раздражненне — на "не ідэйных" і на рускую мову.
Але ў чым вінаватая ўласна мова? Да таго ж, гэта яшчэ вельмі вялікае пытанне: ці вырашаць праблему выратавання беларускай мовы дырэктыўныя забароны і зразанне рускай. На пачатку 90-х, калі былі зроблены нясмелыя спробы пайсці гэтым шляхам, заахвочваць і прасоўваць зносіны на беларускай мове дырэктыўна, я вучылася ў старэйшых класах школы. Добра памятаю наш падлеткавы пратэст.
Але пры гэтым я памятаю і горкія слёзы ва ўніверсітэце праз некалькі гадоў, калі стала зразумела, што беларускай стане менш, таму што рускай вярнулі статус дзяржаўнай. У маім разуменні, тое рашэнне таксама выглядала гвалтоўным і таму зноў выклікала пратэст.
У выніку да цяперашняга моманту з вялікай павагай стаўлюся і плюс-мінус аднолькава размаўляю на рускай і беларускай мовах. Маё дзіця ў ахвотку спявае "Дзеда-Барадзед" і засынае пад "Калыханку".
Модны "моўны" рух можа стаць значна больш эфектыўным, чым дырэктыўныя разнарадкі. Чарга ў беларускую гімназію ўразіла. Але будзе попыт, магчыма, з'явіцца і прапанова.
І руская мова тут ніяк не можа быць пагрозай. Хутчэй, яшчэ адным сродкам камунікацыі, адукацыі, дадатковай кампетэнцыяй, якая дазволіць заявіць пра сябе на міжнародным рынку працы. У рэшце рэшт, руская мова дае магчымасць зразумець, чаму ў свеце так цэняць літаратуру Талстога і Дастаеўскага. Ну і, нарэшце, веданне моў проста карысна для агульнага развіцця.
Так што не трэба саромецца і баяцца Міжнароднага дня рускай мовы. Са святам!