МІНСК, 7 чэр — Sputnik. Прадстаўленыя напярэдадні ў Ерэване смартфоны ArmPhone армянскай вытворчасці плануецца пастаўляць у шэраг краін СНД, у тым ліку і ў Беларусь, перадае Sputnik Арменія.
"У бліжэйшай будучыні мы пачнем продаж ArmPhone ў Беларусі, Украіне, Казахстане, Грузіі, а потым рушым далей", — цытуе агенцтва словы прэзідэнта кампаніі Technology and Science Dynamics (TSD) Ваана Шакарана.
Смартфоны маюць цалкам годныя характарыстыкі ў параўнанні з замежнымі аналагамі, асобныя мадэлі маюць да 32 гігабайтаў убудаванай памяці, яны абсталяваны сканарам адбітка пальца і модулем LTE і працуюць на апошніх версіях АС Android. Пры гэтым дэвайсы маюць нацыянальны інтэрфейс, уключаючы рынгтоны і шпалеры працоўнага стала.
Смартфоны даступныя ў шасці розных колерах. Паведамляецца, што кошт смартфонаў складае ад 104 да 315 даляраў на ўнутраным рынку.
"Мы цалкам адказваем за якасць нашай прадукцыі. Самае галоўнае не тое, што мы вырабляем і з кім канкуруем, а тое, што гэта чарговы крок для паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне", — цытуе агенцтва словы прэзідэнта кампаніі Technology and Science Dynamics (TSD) Ваана Шакарана.