МІНСК, 7 чэр — Sputnik. Шведскі хакейны трэнер Майкл Ленэр, які адказваў за падрыхтоўку варатароў у нацыянальнай зборнай Беларусі, распавёў падрабязнасці свайго звальнення, паведамляе выданне "Прессбол".
Беларуская федэрацыя хакея спыніла кантракт з Ленэрам на мінулым тыдні. Падставай паслужыў нездавальняючы вынік беларусаў на Чэмпіянаце свету ў Расіі, у прыватнасці слабая падрыхтоўка галкіпераў.
"Атрымаў электронны ліст ад генеральнага сакратара федэрацыі Яраслава Заўгародняга. Маўляў, дзякуй і да пабачэння. Ніхто мне нават не патэлефанаваў. Неяк гэта дзіўнавата", — сказаў Ленэр.
Паводле слоў спецыяліста, ён адправіў у ФХРБ ліст, у якім спытаў, што рабіць з яго экіпіроўкай, якая засталася ў Беларусі. "Але адказу не атрымаў", — адзначыў трэнер.
"Калі яны думаюць, што я вінаваты ў няўдалым выступе зборнай — значыць, звальненне стала правільным рашэннем", — сказаў на заканчэнне Ленэр.
Зборная Беларусі на ЧС заняла шостае месца пасля групавога этапу ў сваёй групе і захавала за сабой права выступаць у вышэйшым дывізіёне. Каманда на сусветным першынстве прапусціла 32 шайбы, забіла 14. Такім чынам, беларускія хакеісты ўсталявалі новы антырэкорд па прапушчаных шайбах, да гэтага зборная таксама дрэнна выступала ў 2007 годзе на чэмпіянаце, які праходзіў у Маскве — тады хакеісты Беларусі прапусцілі ў свае вароты 31 гол. Абаранялі вароты на ЧС-2016 Кевін Лаланд, Дзмітрый Мільчакоў і Віталь Коваль.