МІНСК, 8 чэр — Sputnik. Віцэ-прэм'ер Расіі Вольга Галадзец заклікае як мага хутчэй вырашыць пытаннi падаткаабкладання фармацэўтычнай прадукцыі, якая пастаўляецца з Расіі ў Беларусь.
Паводле дадзеных Галадзец, нават ва ўмовах санкцый фармацэўтычная прамысловасць РФ паказала прырост на чвэрць. Аднак у пытаннях падаткаабкладання паставак лекаў з Расіі ў Беларусь існуюць сур'ёзныя праблемы, якія патрабуюць хутчэйшага вырашэння.
"Я хацела б акцэнтаваць на гэтым увагу, каб мы гэтую праблему вырашылі. Гэта задача, якая павінна быць вырашана ў кароткія тэрміны, таму што тыя магчымасці, якія адкрыліся для нашых фармацэўтаў, могуць быць рэалізаваныя толькі ў кароткім прамежку часу", — сказала Галадзец, выступаючы на пленарным паседжэнні Трэцяга Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў Мінску.
Яна заўважыла, што расійскія фармацэўтычныя прэпараты ўжо складаюць канкурэнцыю заходнім лекам. Са слоў Галадзец, у РФ пачалі вырабляць лекі, "да якіх мы раней нават не маглі падступіцца". Сёння гэтыя прэпараты выйшлі на расійскі рынак і паспяхова канкуруюць з заходнімі.
"Мы ўжо фактычна займаем новую нішу ў сусветнай вытворчасці", — падкрэсліла віцэ-прэм'ер.
Яна дадала, што гэта ж можна сказаць і пра беларускую фармацэўтычную прадукцыю.
На думку Галадзец, сёння расійская і беларуская эканомікі маюць сур'ёзныя магчымасці для развіцця і прасоўвання сваёй фармацэўтычнай прамысловасці, і гэтыя магчымасці нельга ўпусціць.