МІНСК, 8 чэр — Sputnik. Сярод яркіх экспазіцый выставы "Белагра-2016" стэнд Інстытута біяхіміі здаецца стрыманым і сціплым, як выдатнік, які трапіў у шэрагі чырлідэраў. На вітрыне прадстаўлены ўзоры экстрактаў лекавых раслін і антацыяны, выдзеленыя з ягад. Усё гэта не вырабляецца ў Беларусі, затое ў вялікіх аб'ёмах імпартуецца з-за мяжы.
"Гэта новая для нашай краіны прадукцыя, многае з прадстаўленага на нашым стэндзе ўвозіцца ў краіну. Напрыклад, на пяць мільёнаў долараў кожны год мы ўвозім кітайскі часнык. А між тым, можам узяць і перапрацаваць уласны ў экстракт, які выдатна захоўваецца — і прыўнесці пэўны ўклад у эканоміку краіны", — распавяла Sputnik дырэктар інстытута, доктар біялагічных навук Лілія Надольнік.
Яна сцвярджае, што стэнд карыстаецца цікавасцю ў наведвальнікаў, а таму можна меркаваць, што пры патрэбных інвестыцыях прадукцыя была б запатрабаванай. Так, напрыклад, інстытут заключыў дамову з адной з фірмаў на пастаўкі экстракта падтынніка.
"Кошт аднаго кілаграма — 17 тысяч еўра, так што на нашых распрацоўках можам зарабіць нядрэнныя грошы", — перайшла Надольнік да зразумелых лічбаў.
Прадстаўленыя тут экстракты — лекавыя субстанцыі і сыравіна для харчовай і парфумерна-касметычнай прамысловасці. Экстракт рамонка і экстракт аеру выкарыстоўваецца ў вытворчасці зубной пасты, іншыя — у вытворчасці ласьёнаў.
Але для таго, каб запусціць вытворчасць, неабходна атрымаць сертыфікаты.
"Атрымаць сертыфікаты не складана, праблема ў тым, што ў нас няма вытворчасці або лабараторыі, абсталяванай згодна са стандартамi, якія патрэбныя для сертыфікацыі. Патрэбен рамонт памяшканняў, а на гэта уласных сродкаў нам не стае", — распавяла дырэктар інстытута біяхіміі.
Такім чынам, патэнцыйныя грошы пакуль стаяць на выставе, закаркаваныя ў шкляныя слоічкі і посуд, і чакаюць, калі на іх зверне ўвагу дзяржава або інвестар.