МІНСК, 9 чэр — Sputnik. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 16 чэрвеня возьме ўдзел у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, якое адбудзецца ў горадзе Баня-Лука (Боснія і Герцагавіна), распавёў на брыфінгу ў чацвер прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
"Падчас мерапрыемства плануецца разгледзець актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў рамках ЦЕІ, уключаючы праблематыку міграцыйнага крызісу, узаемадзеянне ў транспартнай і энергетычнай сферах, ролі арганізацыі ў еўрапейскіх інтэграцыйных працэсах", — удакладніў Мірончык.
Прадстаўнік МЗС нагадаў, што Беларусь разглядае ЦЕІ як значную пляцоўку для развіцця ўзаемавыгаднага субрэгіянальнага супрацоўніцтва ў Еўропе, у тым ліку ў кантэксце выбудоўвання канструктыўнага ўзаемадзеяння з Еўрапейскім саюзам.
Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва была створана ў 1989 годзе для садзейнічання развіццю ўстойлівых сувязяў паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Еўропы ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры. Беларусь далучылася да ініцыятывы ў 1996 годзе.
Членамі ЦЕІ на дадзены момант з'яўляюцца Аўстрыя, Албанія, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія.