МІНСК, 10 чэр — Sputnik. Юбілейны 15-ы чэмпіянат Еўропы па футболе стартуе сёння ў Францыі матчам паміж краінай-гаспадыняй кантынентальнага першынства і зборнай Румыніі.
Упершыню ў фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы возьмуць удзел адразу 24 каманды. Значнае пашырэнне Еўра дазволіла ўпершыню патрапіць на турнір адразу пяці краінам: Ісландыі, Паўночнай Ірландыі, Славакіі, Валіі і Албаніі.
Праз павелічэнне колькасці ўдзельнікаў фінальны турнір чэмпіянату Еўропы пройдзе па новай сістэме. З групы можна будзе выйсці не толькі з першага і другога месца, як гэта было раней, але і з трэцяга: у 1/8 фіналу выйдуць чатыры лепшыя каманды з шасці з тых, якія фінішавалі трэцімі. Стадыя 1/8 фіналу таксама будзе праведзена ўпершыню, раней плэй-оф Еўра пачынаўся з чвэрцьфіналу.
Напярэдадні старту турніру арганізатары сутыкнуліся з шэрагам праблем: паводка ў французскай сталіцы, забастоўка супрацоўнікаў чыгуначнай кампанні і пілотаў Air France, і, зразумела, пытанні бяспекі на стадыёнах і іншых месцах масавага збору футбольных заўзятараў. Аднак, як запэўніваюць французскія ўлады, нішто не павінна азмрочыць футбольнае свята.
Што тычыцца фаварытаў на тытул, то букмекеры і эксперты ў гэты ранг выводзяць дзве зборныя — Германіі і Іспаніі. Зборная Германіі, дзеючы чэмпіён свету, валодае цэлым пакаленнем зорак ва ўсіх лініях. Немцаў павядуць за сабой тыя, хто знаходзіцца ў самым росквіце сіл: Мануэль Нойер, Матс Хуммельс, Томас Мюлер, Тоні Крос і яшчэ цэлы россып найбольш запатрабаваных футбалістаў у топ-клубах ва ўсіх лініях. Немцы відавочна нацэлены паўтарыць дасягненне зборнай Іспаніі, якая выйграла Еўра-2012 пасля золата на чэмпіянаце свету 2010 года. Яны з'яўляюцца фаварытамі і групы С, дзе таксама згуляюць каманды Украіны, Польшчы і Паўночнай Ірландыі, і ўсяго чэмпіянату.
Узначальвае зборную Іспаніі легендарны Вісэнтэ дэль Боске, які выйграваў разнастайныя тытулы як на клубным узроўні, так і на ўзроўні нацыянальных каманд. У складзе дзейных чэмпіёнаў Еўропы нямала тытулаваных футбалістаў, у тым ліку 32-гадовы Андрэс Іньеста, аднак сёлета "Чырвоная фурыя" ужо не выглядае такой непераможнай камандай, як гэта было чатыры гады таму.
Гаспадар чэмпіянату Еўропы, каманда Францыі, з пераможнага чэмпіянату Еўропы-2000 не каціравалася гэтак высока, як цяпер. На кожную пазіцыю ў сучасным складзе "трохкаляровых" канкурэнцыя па тры чалавекі, кожны з якіх гуляе на лідзіруючых пазіцыях у галоўных чэмпіянатах Еўропы.
Групавы этап чэмпіянату Еўропы будзе доўжыцца з 10 па 22 чэрвеня, гульні 1/8 фіналу намечаны на 25-27 чэрвеня. Чвэрцьфінальныя матчы Еўра-2016 пройдуць чатыры дні запар: 30 чэрвеня, а таксама 1, 2 і 3 ліпеня. Паўфіналы прымуць Ліён (6 ліпеня) і Марсэль (7 ліпеня). Фінал чэмпіянату Еўропы-2016 пройдзе на 80-тысячным стадыёне "Стад дэ Франс" у Сен-Дэні 10 ліпеня.