МІНСК, 13 чэр — Sputnik. Беларускі бок прапануе ў межах Саюзнай дзяржавы выпрацаваць адзіныя падыходы да прымянення трансгенных тэхналогій у аграрнай галіне, заявіў намеснік кіраўніка камісіі Парламенцкага сходу па бюджэце і фінансах, старшыня пастаяннай камісіі ніжняй палаты беларускага сходу па аграрнай палітыцы Віктар Шчацько.
Беларусь пастаўляе ў РФ каля 85% ад усяго аб'ёму экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання. Пры гэтым у СД прынята і дзейнічае праграма "БелРасТрансген", у межах якой у Беларусі былі выведзеныя першыя трансгенныя жывёлы.
"Надышоў час разабрацца ў Саюзнай дзяржаве па пытаннях геннай мадыфікацыі: добра гэта ці дрэнна. Хто можа адказаць? ЗША, Расія, Індыя і Пакістан, усе пайшлі па гэтым шляху. А нашы навукоўцы не могуць выразна выказаць сваю пазіцыю. Трэба нам нарошчваць усё гэта? Альбо мы мацнейшыя за усіх, або пачынаем адставаць", — заявіў Шчацько, выступаючы на сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Шчацько распавёў, што днямі браў удзел у навукова-практычным семінары ў Белгарадскай вобласці РФ, дзе таксама абмяркоўвалася тэма прымянення трансгенных тэхналогій у аграрнай сферы.
"Учора мне давялося разам з навукоўцамі абмяркоўваць гэтую тэму, было зададзена гэтае пытанне. І ні "так", і ні "не". Пагадзіцеся, з гэтым трэба тэрмінова разбірацца, можа быць нават у межах саюзнай дзяржавы. А трансгенныя расліны здольныя змагацца з каларадскім жуком, вытрымліваць засуху і замаразкі, маюць яшчэ шмат іншых карысных асаблівасцяў", — падкрэсліў парламентарый.
Ён заўважыў, што калі паглядзець карту краін свету, дзе ўжываюць трансгенную прадукцыю, "яна ўся чырвоная — апроч нас".
Са свайго боку спікер Дзярждумы, старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Сяргей Нарышкін заўважыў, што да тэмы ГМА трэба ставіцца вельмі асцярожна.
"Трэба думаць пра наступствы, якія могуць быць праз 10, 20, 50 гадоў, і мець на ўвазе, што цяпер ёсць і іншыя сучасныя, экалагічна чыстыя тэхналогіі, якія дазваляюць павялічваць вытворчасць сельгаспрадукцыі", — сказаў Нарышкін.