МІНСК, 13 чэр — Sputnik. Энтамолагі выявілі на тэрыторыі Белавежскай пушчы новы від стракозы, паведамілі Sputnik ў прэс-службе нацыянальнага парка.
Па дадзеных навукоўцаў, да 2012 года ў беларускай частцы Белавежскай пушчы сустракалася 39 відаў стракоз, пры гэтым у польскай частцы, нягледзячы на меншую тэрыторыю, — 47 відаў. Даследаванні бягучага года праводзіліся ў межах мемарандума, дзеючага паміж Франкфурцкім заалагічным таварыствам, нацыянальным паркам і грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
"У маі гэтага года быў знойдзены новы для беларускай часткі Белавежскай пушчы від стракоз — лютка цьмяная. Гэты від быў знойдзены ў двух месцах: на Пярораўскай сажалцы і ва ўрочышчы Дзікі Нікора", — сказалі ў прэс-службе.
Па дадзеных навукоўцаў, на Пярораўскай сажалцы таксама знойдзена новае месца пражывання люткі сібірскай — віду стракоз, якi знаходзiцца ў Беларусі пад аховай.
Энтамолагі таксама паведамілі, што наперадзе разгар летняга сезону, і выказалі ўпэўненасць, што гэта не апошнія адкрыцці.