МІНСК, 13 чэр — Sputnik. Кіроўцаў першых аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў дастаўляюць на працоўныя месцы сіламі арганізацыі, распавёў Sputnik намеснік гендырэктара УП "Мінсктранс" Віктар Тозік.
Sputnik працягвае адказваць на самыя незвычайныя пытанні пра Беларусь і беларусаў. Гэтым разам мы высветлілі, як на працу дабіраюцца кіроўцы першых рэйсаў грамадскага транспарту.
"Усё вельмі проста, на самай справе: ёсць спецыяльныя дзяжурныя аўтобусы. Яны развозяць па горадзе кіроўцаў па завяршэнні змены каля гадзіны ночы. Потым такія ж аўтобусы збіраюць па горадзе кіроўцаў першых змен і прывозяць на працу прыблізна да 04:15", — растлумачыў прадстаўнік "Мінсктрансу".
Сярод супрацоўнікаў прадпрыемства такія аўтобусы завуцца "дзяжуркамі". Іх кіроўцы ўвечары самі дабіраюцца на грамадскім транспарце да месца стаянкі аўтобуса, а з раніцы з'язджаюць на ім жа.
"Нашы кіроўцы ведаюць канкрэтныя маршруты, на якіх у пэўны час трэба чакаць "дзяжурку" — тут усё проста і ўсім зручна", — сказаў на заканчэнне Тозік.