КДБ фарміруе спіс крытычна важных аб'ектаў Беларусі

© Sputnik / Виктор ТолочкоЛукомльская ГРЭС
Лукомльская ГРЭС - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Беларусь прыводзіць заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам да міжнародных нормаў.

МІНСК, 14 чэр — Sputnik. Савет рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліў праект закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы РБ па пытаннях барацьбы з тэрарызмам, перадае карэспандэнт Sputnik у аўторак.

Прадстаўляючы дадзены законапраект на сесіі Верхняй палаты беларускага парламента, першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Ігар Сергіенка адзначыў, што ў беларускае заканадаўства ўводзіцца тэрмін "дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы барацьбы з праявамі тэрарызму". Паводле яго слоў, важнасць дзяржаўнага рэгулявання ў пытаннях процідзеяння тэрарызму паказалі вучэнні "Кібер-Антытэрор-2016", якія прайшлі на Лукомльскай ГРЭС, якая лічыцца крытычна важным аб'ектам на тэрыторыі Беларусі.

Сергіенка таксама адзначыў, што КДБ пачаў фармаванне спісу крытычна важных аб'ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Паводле яго слоў, у адпаведнасці з дадзеным законам можна будзе прыцягваць узброеныя сілы да аховы такіх аб'ектаў. Першы намеснік старшыні КДБ нагадаў, што асноўны закон аб барацьбе з тэрарызмам быў прыняты ў Беларусі ў 2002 годзе.

"Прыняцце дапаўненняў і зменаў у гэты закон адбываецца з улікам міжнароднай практыкі і ў адпаведнасці з аператыўнай абстаноўкай у краіне і свеце", — адзначыў ён.

У сваю чаргу старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета рэспублікі Уладзімір Сянько адзначыў, што прыняцце абноўленага закона аб барацьбе з тэрарызмам "мае прынцыповае значэнне для бяспекі краіны. Гэта новы чарговы крок у стварэнні сістэмы нацыянальнай бяспекі".

Сянько таксама адзначыў важнасць мінулых вучэнняў КДБ і іншых праваахоўных органаў на Лукомльскай ГРЭС. "Гэтыя вучэнні паказалі, наколькі важна не папяровае, а фактычнае ўзаемадзеянне праваахоўных органаў краіны ў барацьбе з тэрарызмам", — падкрэсліў сенатар.

Стужка навiн
0