МІНСК, 14 чэр — Sputnik. Дырэктар мінскага мотавелазавода Мікалай Ладуцька лічыць, што беларускія ўлады павінны прыняць комплекснае рашэнне датычна далейшага развіцця прадпрыемства, і не выключае ў сярэднетэрміновай перспектыве пачатку справы аб эканамічнай неплацёжаздольнасці ААТ "Мотавела".
Развагі, ці патрэбныя нам ровары, недалёкія
У 2007 годзе ўладальнік зарэгістраванага ў Аўстрыі шматпрофільнага холдынгу АТЕС Аляксандр Мураўёў набыў кантрольны пакет "Мотавела". Планавалася, што інвестар прыцягне на прадпрыемства не толькі фінансавыя сродкі, але і сучасныя тэхналогіі, наладзіць выпуск запатрабаванай на знешніх рынках прадукцыі. Аднак у поўным аб'ёме гэтыя абавязацельствы выкананымі не былі. У чэрвені 2015 года Мураўёў быў затрыманы праваахоўнымі органамі. У цяперашні час ён застаецца пад вартай, аднак АТЕС па-ранейшаму з'яўляецца ўладальнікам кантрольнага пакета акцый. Акрамя таго, "Мотавела" як маёмасны комплекс знаходзіцца ў закладзе ў банкаў.
У сакавіку 2016 года было зарэгістравана ТАА "Мотавелазавод", якое ўзначаліў Мікалай Ладуцька. Менавіта гэтае прадпрыемства сёння выпускае ўсім вядомыя ровары пад брэндам "Аiст" і матацыклы "Мінск".
"Галоўная мэта сёння — захаваць гэты від вытворчай дзейнасці. Многія разважаюць: а ці патрэбныя сёння нам ровары, матацыклы, сам завод у тым выглядзе, у якім ён ёсць. Я думаю так, што трэба захаваць гэты кірунак, гэтую дзейнасць, забяспечыць людзей працай", — сказаў Ладуцька ў інтэрв'ю Sputnik.
Суразмоўца агенцтва прызнаў, што дзеяннямі бізнэсмэна Мураўёва беларускаму прадпрыемству была нанесена істотная параза. "Так, мы ад яго пацярпелі. Усё гэта было не проста так, бо ён жа да гэтага часу знаходзіцца пад вартай", — адзначыў Ладуцька.
Дырэктар "Мотавелазавода" лічыць, што бюджэтная лёгкая мота- і велатэхніка сёння запатрабавана не толькі ў Беларусі, яе па-ранейшаму шануюць у СНД. У той жа час Ладуцька адзначыў, што канкурэнцыя на рынку ўзмацняецца, асабліва гэта звязана з тым, што "ідзе вялікі паток шэрага імпарту праз Расію, але ніхто гэта ўслых не абмяркоўвае".
Навошта банкрутаваць "Мотавела"
Ладуцька растлумачыў, што прызнанне праз суд прадпрыемства эканамічна неплацежаздольным дапамагло б вырашыць цэлы шэраг арганізацыйных і фінансавых пытанняў. Аднак для падачы пазову неабходна, каб з гэтым пагадзіўся савет акцыянераў. У той жа час, удакладніў Ладуцька, "гэта пытанне нават не бліжэйшага савета". Кіраўнік завода не стаў каментаваць, якую пазіцыю ў гэтым працэсе можа заняць АТЕС, якая па-ранейшаму валодае мажарытарным пакетом акцый.
Дырэктар таксама падкрэсліў, што лічыць неабходным для далейшага развіцця завода кааперацыю з вядучымі машынабудаўнічымі прадпрыемствамі. У іх ліку ён назваў МАЗ, ААТ "Амкадор" і іншымі.
У той жа час ён адзначыў, што ў выпадку прызнання "Мотавела" банкрутам улады Мінска могуць прыняць рашэнне выкупіць тэрыторыю, капітальныя збудаванні і наяўнае абсталяванне. Тады ТАА "Мотавела" стане на чале кіруючай кампаніі, якая будзе займацца далейшым развіццём вытворчасці. Калі прымаецца рашэнне аб выкупе тэрыторыі горадам, то цалкам лагічна паставіць ТАА "Мотавелазавод" на чале кіруючай кампаніі, якая і зоймецца далейшым развіццём тэрыторыі.
Ці патрэбна заводу новая пляцоўка
Каля месяца таму Ладуцька адзначаў у гутарцы з беларускімі СМІ, што завод варта будаваць на новым месцы, паколькі існуючая пляцоўка неэфектыўная. Паводле яго ацэнак, у такі праект трэба інвеставаць парадку сямі мільёнаў даляраў на пачатковым этапе, для развіцця вытворчасці спатрэбіцца ўкласці 50 мільёнаў даляраў за шэсць гадоў.
Казаць сёння падрабязна пра праблемы з новай пляцоўкай і пра сваё бачанне гэтага праекта дырэктар не стаў, яшчэ раз падкрэсліўшы, што пытанне палягае ў тым, каб не разбурыць велазавод, а ўдыхнуць у яго новае жыццё.